«Па што ідзеш, воўча?» Святланы Курс выйшла па-нямецку
Аповесць Святланы Курс (творчы псеўданім Ева Вежнавец) «Па што ідзеш, воўча?», перакладзеная на нямецкую мову Цінай Вюншман, выйшла ў аўстрыйскім выдавецтве Zsolnay. Пра гэта паведаміла сама аўтарка на сваёй старонцы ў фэйсбуку.
05.02.2023 / 11:16
«Выдавецтва Zsolnay, што ў Вене, выслала мне кнігу разам з ласкавым, уласнаручным лістом ад выдаўца. Не магу расказаць, як я сябе адчуваю. Маё шчасце ад вашага, сябры, прызнання заўжды падпсаванае згрызотамі недасканаласці і комплексам самазванкі. Але маёй удзячнасці да тых, хто мяне выдаваў, перакладаў, чытаў, верыў у мяне, нішто не зменшыць. <…>. Аўстрыйская кніга ідэальная: зярністая жаўтлявая папера; прыгожы і стрыманы шрыфт — сапраўднае паяданне літарак вачыма; цудоўная супервокладка і тканая вокладка. Усё грэе», — напісала пісьменніца.
Аповесць «Па што ідзеш, воўча?» выйшла ў 2020 годзе ў выдавецкай ініцыятыве «Пфляўмбаум», а ў 2021-м гэтая кніга стала лаўрэатам прэміі Гедройця.
Нямецкамоўны пераклад аповесці ўжо можна замовіць у інтэрнэце, кошт яго 22 еўра.