Сахашчык: Мы распазнаем прыкметы агрэсіі за 3—4 тыдні да яе пачатку і папярэдзім грамадства
«Наша Ніва» папрасіла падпалкоўніка Валерыя Сахашчыка, прадстаўніка Аб'яднанага кабінета па па абароне і нацыянальнай бяспецы, патлумачыць сённяшнюю заяву Святланы Ціханоўскай з заклікам да грамадзян абдумаць план дзеянняў на выпадак вайны.
06.02.2023 / 14:51
Валерый Сахашчык і Святлана Ціханоўская. Фота: Офіс Ціханоўскай
Сёння ранкам Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў з заклікам абдумаць план дзеянняў на выпадак вайны.
«Пагаварыце з роднымі і сябрамі, абмяркуйце план дзеянняў на выпадак небяспекі. Назапасьцеся наяўнымі грашыма, лепей у валюце, а яшчэ лепей — у розных валютах. Абмяркуйце з дзецьмі правілы паводзін у стрэсавых сітуацыях і базавую бяспеку. Даведайцеся, ці ёсць у вашым раёне памяшканні, у якіх можна схавацца ў выпадку ўдараў з паветра, вызваліце іх ад лішніх рэчаў, пакіньце там мэблю і невялікі запас кансерваў. Праверце хатнюю аптэчку, калі трэба — папоўніце яе неабходнымі сродкамі: бінтамі, бандажамі, сродкамі індывідуальнай абароны, антысептыкамі, антыбіётыкамі, заспакаяльнымі сродкамі і таблеткамі для абеззаражвання вады, а таксама тымі лекамі, якія вам патрэбныя», — напісала лідарка беларускага грамадства.
Многіх гэтыя словы ўсхвалявалі.
«Наша Ніва» папрасіла падпалкоўніка Валерыя Сахашчыка растлумачыць прычыны для такой заявы.
«Мы ўважліва назіраем за сітуацыяй і знаходзімся ў кантакце з партнёрамі ва Украіне. Прыкметы агрэсіі, якая рыхтуецца, можна будзе распазнаць прыкладна за 3—4 тыдні да яе пачатку, пра што мы адразу ж праінфармуем беларускае грамадства.
У гэты момант мы такіх прыкмет не назіраем і разглядаем магчымае абвастрэнне як рэальны сцэнар развіцця падзей, які пакуль што яшчэ не наступіў», — даслала нам адказ ягоная прэс-служба.