Жарты скончыліся. Бясконцы серыял ад штучнага інтэлекту Nothing, Forever быў заблакаваны з-за аднаго выразу

Прычына блакіроўкі — вельмі непрыстойныя жарты.

07.02.2023 / 10:33

Фота: кадр з серыяла Nothing, Forever

Платформа відэатрансляцый Twitch мінімум на 14 дзён заблакавала акаўнт, у якім нейрасетка генеравала бясконцы серыял Nothing, Forever. Пра гэта 6 лютага напісаў часопіс Vice.

Па інфармацыі часопіса, гэта адбылося амаль адразу ж пасля таго, як штучны інтэлект паказаў сцэну стэндапа з вельмі непрыстойнымі жартамі на тэму трансгендарнасці ў выкананні Лары, аднаго з галоўных герояў гэтага серыяла.

«Тут каля 50 чалавек, але ніхто не смяецца. У каго-небудзь ёсць прапановы? Я б мог расказаць вам пра тое, што трансгендарнасць насамрэч — гэта псіхічнае захворванне. Або што ўсе лібералы — таемныя геі, якія жадаюць навязаць астатнім сваё меркаванне. Або нешта пра тое, як трансгендары руйнуюць грамадства. Але ніхто не смяецца», — сказала нейрасетка вуснамі Лары ў паўпустым бары падчас віртуальнага стэндапа.

Па словах аўтараў серыяла, падобныя паводзіны нейрасеткі былі выкліканыя праграмным збоем. Распрацоўшчыкі з-за завісанняў серыяла пераключыліся на іншую і прасцейшую мадэль штучнага інтэлекту з паніжанымі мадэрацыяй і аналізам тэксту, што і нарадзіла падобны жарт. 

«Я хацеў бы дадаць, што нішто з таго, што было сказана, не адлюстроўвае меркаванні распрацоўшчыкаў, ці каго-небудзь яшчэ з нашай каманды», — напісаў адзін з аўтараў серыяла, паабяцаўшы, што падобнае больш не паўторыцца.

Нагадаем, што мы ўжо раней пісалі пра гэты сэрыял. Nothing, Forever — гэта бясконцае шоу ў жанры сіткама, заснаванае на камедыйным серыяле «Сайнфелд» з 1990-ых. Серыял цалкам генеруецца штучным інтэлектам, пры гэтым гледачы маглі самі задаваць напрамак сюжэту праз чат на платформе Twitch.

Чытайце яшчэ:

Telegram выпусціў першае ў гэтым годзе абнаўленне. Паглядзелі, што новага 

У YouTube два карыстальнікі цяпер могуць праводзіць сумесныя жывыя трансляцыі

Google расказаў пра 12 небяспечных праграм для Android. Вось чаму іх трэба выдаліць зараз жа 

Nashaniva.com