Некуды зніклі кіраўнік аднаго з гомельскіх раёнаў і яго намесніца. Магчыма, іх затрымалі

Гомельскае выданне «Моцныя навіны» напісала, што яшчэ некалькі тыдняў таму яго чытач напісаў у рэдакцыю, што ў горадзе быў затрыманы кіраўнік Чыгуначнага раёна Аляксандр Сівакоў. Яго, маўляў, вывелі ў кайданках з будынка адміністрацыі. Таксама паступала інфармацыя, што магла быць затрыманая і намесніца кіраўніка раённай адміністрацыі Наталля Жук.

06.02.2023 / 23:16

Аляксандр Сівакоў

Афіцыйнай інфармацыі пра затрыманне чыноўнікаў дагэтуль няма, але, па чутках, гэта можа быць звязана з карупцыяй. Пацвердзіць гэтую інфармацыю на гэты момант выданне не здолела, але фактам застаецца тое, што абаіх чыноўнікаў з таго часу няма на працоўным месцы.

У прыёмнай раённай адміністрацыі паведамілі, што Аляксандр Сівакоў і Наталля Жук знаходзяцца на бальнічных. На афіцыйным сайце ўстановы яны таксама пакуль прысутнічаюць.

«Моцныя навіны» звяртаюць увагу на тое, што ў беларускіх умовах падрабязнасці карупцыйных спраў часта з'яўляюцца пазней, прыгадаўшы нядаўнюю гучную справу былога міністра лясной гаспадаркі Віталя Дрожджы. На пачатку мая мінулага года ён быў зняты з пасады з фармулёўкай «у сувязі з учыненнем правіны, несумяшчальнай са знаходжаннем на дзяржаўнай службе», а пазней стала вядома, што былы міністр папаўся на хабарах. Нядаўна суд прысудзіў яму сем з паловай гадоў турмы, скараціўшы год па амністыі.

Nashaniva.com