Польшча закрывае пункт пропуску «Баброўнікі» «з меркаванняў нацыянальнай бяспекі»
У Гродзенскай вобласці не застаецца пагранпераходаў з Польшчай. Сваё рашэнне Варшава прыняла праз дзень пасля прысуду Андрэю Пачобуту.
09.02.2023 / 13:04
Польскі пункт пропуску «Баброўнікі» на мяжы з Беларуссю з 10 лютага прыпыніць сваю працу. Пра гэта заявіў міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марыюш Каміньскі.
«З-за важных інтарэсаў дзяржаўнай бяспекі я вырашыў прыпыніць … з 12:00 10 лютага гэтага года рух на польска-беларускім пагранпераходзе ў Баброўніках», — паведаміў ён.
З беларускага боку на гэтым пераходзе знаходзіцца пункт пропуску «Бераставіца».
З лістапада 2021 года праз мігранцкі крызіс не працуе і пераход «Брузгі — Кузніца».
Такім чынам, у Гродзенскай вобласці не застаецца пагранпераходаў з Польшчай. Каб трапіць з Гродзенскай вобласці ў суседнюю краіну, цяпер трэба ехаць або праз Брэст, або праз пераходы на мяжы Беларусі і Літвы (Беняконі, Прывалка). Гэта моцны ўдар па эканоміцы рэгіёна і прыватных кантактах.
Учора, 8 лютага, быў абвешчаны прысуд журналісту і актывісту польскай нацыянальнай меншасці Андрэю Пачобуту — 8 гадоў узмоцненага рэжыму.