Праспект Перамогі ў Кіеве цяпер будзе Берасцейскім
Мэр Кіева Уладзімір Клічко паведаміў, што ў сталіцы Украіны скончыўся працэс перайменавання яшчэ 31 гарадскога аб'екта, назвы якіх звязаныя з Расіяй і савецкім мінулым. Ёсць і перайменаванні, звязаныя з Беларуссю.
09.02.2023 / 21:35
Колішні праспект Перамогі, які цяпер будзе Берасцейскім. Фота: Wikimedia Commons
Адна з найдаўжэйшых кіеўскіх вуліц, праспект Перамогі (працягласць каля 12 км), цяпер будзе насіць назву Берасцейскі праспект. Гэта фактычна вяртанне яго гістарычнай назвы, бо ранейшая была прысвоеная толькі ў 1985 годзе да 40-гадовага юбілею перамогі СССР над нацысцкай Германіяй. Да гэтага праспект быў Брэст-Літоўскім, а яшчэ раней — Брэст-Літоўскай шашой. У ХІХ стагоддзі ж тут была Жытомірская ці Кіева-Берасцейская шаша.
Брэст-Літоўская шаша, дарэчы, заставалася ў Кіеве таксама, і яе цяпер таксама перайменавалі ў Берасцейскую.
Цікава, што адразу пасля расійскай агрэсіі на эмоцыях гучалі прапановы пазбавіцца ад любых назваў, якія тычацца і Беларусі, у выніку чаго пад пагрозай апынулася сярод іншага і станцыя метро «Берасцейская». Але ўрэшце здаровы сэнс перамог, бо на самай справе адмова ад назваў, звязаных з Берасцем, для ўкраінцаў была б тым жа самым, што беларусам дзеля таго, каб некаму дапячы, адмаўляцца ад назваў, звязаных з Вільняй, Беластокам ці Смаленскам.