«Рашучы пратэст». У МЗС выклікалі часовага паверанага ў справах Польшчы
У МЗС быў выкліканы часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі Марцін Вайцяхоўскі. Яму заяўлены «рашучы пратэст» у сувязі з абвешчанымі польскім кіраўніцтвам планамі прыпыніць 10 лютага з 14:00 па беларускім часе рух у пункце пропуску «Баброўнікі — Бераставіца».
10.02.2023 / 12:02
Паведамляецца, што польскаму дыпламату было ўказана на «катэгарычную непрымальнасць такога кроку, які абвастрае і без таго вельмі складаную сітуацыю на беларуска-польскай мяжы і парушае правы тысяч грамадзян Беларусі, Польшчы і многіх іншых краін».
«Польскае кіраўніцтва наўмысна стварае нечалавечыя ўмовы для простых грамадзян і перавозчыкаў, наносіць істотную шкоду як буйным эканамічным аператарам, так і дробнаму бізнесу. Найбольшую шкоду зазнаюць еўрапейскія кампаніі і грамадзяне, перш за ўсё польскія. Як вядома, беларускія перавозчыкі праз раней прынятыя польскім бокам пастановы перасякаць мяжу не могуць», — заявілі ў МЗС.
Там таксама адзначылі, што ўся адказнасць за рашэнне ляжыць на ўрадзе Польшчы, і польскім прадпрымальнікам параілі задаць яму «адпаведныя пытанні».
У беларускім МЗС заявілі пра контпрадукцыйнасць любых спроб ціску на Беларусь, заявіўшы, што такі крок носіць антыгуманны характар.