У Шчорсах на Наваградчыне прадаюць вяндлярню Храптовічаў
Проста цяпер у Шчорсах Навагрудскага раёна прадаюць цікавы аб'ект. Незвычайны лот выстаўлены на аўкцыённай пляцоўцы Дзяржкаммаёмасці, таргі па ім пройдуць 24 лютага, піша «Анлайнер».
10.02.2023 / 22:24
Пабудова пазначаная як «вяндлярня». Цяпер яна знаходзіцца на балансе аддзела культуры Навагрудскага раённага выканкама.
Будынак вяндлярні — гісторыка-культурная каштоўнасць, пабудаваная на стыку XIX-XX стагоддзяў. Ніжняя яго частка — з цэглы, а над ёй высокі гонтавы дах, уся канструкцыя завяршаецца невысокім шатром.
«На даху плаўнымі лініямі выступаюць выпуклыя душнікі, — пішуць даведнікі. — Цагляныя сцены дэкараваныя лапаткамі, карнізам простага профілю і лучковымі перамычкамі над аконнымі і дзвярнымі праёмамі».
Усярэдзіне прастора падзеленая на ярусы для размяшчэння прадуктаў.
Гэтая вяндлярня адносіцца да сядзібы Храптовічаў. Іх палац згарэў у Першую сусветную, але часткі былога комплексу захаваліся, у тым ліку гаспадарчыя пабудовы.
Пачатковая цана старадаўняй вяндлярні — 9950 рублёў.
Як расказалі «Анлайнеру» ў Навагрудскім райвыканкаме, гэта ўжо не першы аўкцыён па вяндлярні. Спачатку цана была ў два разы вышэйшая. Увогуле ж на таргі выстаўляўся цэлы комплекс будынкаў былой сядзібы, астатнія ўжо прададзеныя.
Па ўмовах аўкцыёну, пакупнік павінен правесці рэканструкцыю, рэстаўрацыю і абнаўленне аб'екта. Выкарыстоўваць пабудову трэба «пад мэты, якія не супярэчаць заканадаўству», на працягу двух або трох гадоў. Так як гэта помнік архітэктуры, то трэба будзе падпісаць ахоўнае абавязацельства.