Нават за 40 даляраў. Пачыналі з айцішнікаў, а цяпер за данаты пачалі цягаць усіх запар
«Нашай Ніве» сталі вядомыя выпадкі, калі ў Камітэт дзяржаўнай бяспекі выклікаюць звычайных людзей, якія данацілі ў фонды салідарнасці.
12.02.2023 / 16:19
Так, жанчыну з Мінска выклікалі ў КДБ і прымусілі заплаціць 400 даляраў: яе данат у 2020 годзе складаў 40 даляраў. Калі пасля аплаты яна несла гэбэшнікам квітанцыю, бачыла іншых людзей, якія неслі такія ж.
Пасля гэтага яе звольнілі з нізкааплатнай працы на дзяржаўным прадпрыемстве.
Іншага чалавека прымусілі заплаціць 500 еўра за некалькі данатаў рознага памеру.
Па словах абаіх, у КДБ не было падрабязнасцяў, куды пайшоў плацеж. Проста любы перавод за мяжу праз фэйсбук у 2020—2021 гадах яны трактуюць як перавод у фонды.
Прэзумпцыя невінаватасці ў сучаснай прававой сістэме ў Беларусі не дзейнічае. Законы па палітычных справах, насуперак закону, маюць зваротную сілу.
Адзін з апытаных «Нашай Нівай» людзей, якіх выклікалі ў КДБ, пакінуў краіну, і ўжо шукае сабе новую працу ў адной з краін Еўрасаюза. «Выклік у КДБ стаў для мяне мяжой. Я не думаю вяртацца. Хай яны кормяць сябе самі», — сказаў ён.
Працяг тэксту — пад банерам
З улікам таго, што ўсяго на BySol i BY_help ахвяравалі больш за 60 тысяч чалавек, лукашэнкаўцы хочуць сабраць у выглядзе штрафаў дзясяткі мільёнаў даляраў. І гэта не гарантуе, што ў будучыні на тых жа людзей не завядуць яшчэ і крымінальную справу — яны ж прызнаюць, што ахвяравалі грошы ў фонды.
Што будзе з тымі, хто адмовіцца плаціць па мультыплікатары, невядома.
Лукашэнкаўцам вядомыя тыя пераводы, якія рабіліся з беларускіх картак. Фонды BySol і BY_help дапамаглі дзясяткам тысяч ахвяр палітычных рэпрэсій і іх сем'ям — арыштаваным і звольненым з працы. Эфектыўнасць і адвага, з якой дзейнічалі фонды, зрабілі іх адной з галоўных цэляў для лукашэнкаўскіх спецслужбаў.
«Мы настойліва рэкамендуем з'ехаць з краіны тым, каго выклікаюць на «размову». Ніхто не ведае, чым яна скончыцца канкрэтна для вас», — напісаў кіраўнік BySol Андрэй Стрыжак у сваім тэлеграм-канале.
«Ці працягвае BY_help працаваць? — Так, працягвае. І ніколі не спыняўся, — піша са сваёй фэйсбук-старонкі фундацыя BY_help. — Чым мы дапамагаем? — Мы выцягваем з фінансавай ямы тых, каго нашая «гасударсьцьва» спрабуе літаральна пазбавіць усяго. Штрафы, пазовы, дапамога палітычным, адвакаты».
На 2020 год BySol і BY_help дзейнічалі на законнай аснове. Наданне новапрыманым законам «зваротнай сілы» стала ў Беларусі сістэмнай з'явай.
Ведаеце важнае, ведаеце цікавае, што варта ведаць усім? Пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ @nn_editor, на nivanasha@gmail.com ці nivanasha@proton.me. Калі пішаце ў ТГ, выдаляйце чат пасля сувязі. Альбо пішыце асабіста тым журналістам і рэдактарам «Нашай Нівы», якіх вы ведаеце і якім давяраеце (лепш — у сігнал ці тэлеграм).