У Нікарагуа біскупа асудзілі на 26 гадоў. Ён адмовіўся быць дэпартаваным з краіны 

Суд Нікарагуа асудзіў каталіцкага біскупа Матагальпы Раланда Альварэса да 26 гадоў пазбаўлення волі на наступны дзень пасля таго, як той адмовіўся сесці на борт самалёта, які перавозіў 222 палітычных зняволеных у выгнанне ў ЗША.

13.02.2023 / 10:54

Фота: Moises Castillo / AP

Суд прызнаў 56-гадовага іерарха «здраднікам краіны» і пастанавіў, што ён не будзе вызвалены з турмы да 2049 года. Біскуп быў пазбаўлены нікарагуанскага грамадзянства і аштрафаваны на 1600 даляраў, паведаміла Беларуская рэдакцыя партала Vatican News.

Паліцыя арыштавала біскупа Альварэса ў жніўні 2022 года. Суды абвінавацілі яго ў «змове» і распаўсюдзе «фальшывых звестак».

Іерарх адкрыта крытыкаваў тое, што лічыў абмежаваннем рэлігійнай свабоды з боку левага рэжыму Артэга.

Адносіны паміж Каталіцкім Касцёлам і ўладамі Нікарагуа знаходзяцца ў крызісе з 2018 года, калі пратэстоўцы, якія патрабавалі адстаўкі прэзідэнта, схаваліся ў святынях. Тады Артэга абвінаваціў католікаў у саўдзеле ў спробе дзяржаўнага перавароту, нібыта ініцыяванага Вашынгтонам. Улады выслалі з краіны Апостальскага нунцыя арцыбіскупа Вальдэмара Зомертага, а ў ліпені — 18 сясцёр з Ордэна місіянерак любові.

Nashaniva.com