БЕЛ Ł РУС

Свет

Прэзідэнт Малдовы агучыла інфармацыі пра план дэстабілізацыі краіны. У ім мелі ўдзельнічаць і грамадзяне Беларусі

13.02.2023 / 13:3

Nashaniva.com

Прэзідэнт Малдовы Мая Санду пацвердзіла, што ўкраінскі бок перадаў ёй планы Крамля па дэстабілізацыі сітуацыі ў Малдове і што рыхтаваліся сілавыя дзеянні з прыцягненнем дыверсантаў з-за межаў краіны — з Расіі, Беларусі і Балкан, піша newsmaker.md.

Фота: Aurel Obreja / AP

Пра гэта яна заявіла на спецыяльным брыфінгу.

«Гэта кароткатэрміновы план, які прадугледжвае дыверсіі з прыцягненнем асоб з ваеннай падрыхтоўкай, пераапранутых у цывільнае. Яны плануюць гвалтоўныя дзеянні, у тым ліку напады на некаторыя дзяржустановы і захоп закладнікаў», — заявіла Мая Санду.

Паводле яе слоў, перададзеныя Кіевам матэрыялы ўтрымліваюць падрабязную дакументацыю лагістыкі для арганізацыі гэтых дыверсійных дзеянняў.

«План прадугледжвае выкарыстанне людзей з-за межаў краіны для гвалтоўных дзеянняў у Малдове. Напрыклад, матэрыялы ўтрымліваюць інструкцыі для ўезду ў Малдову грамадзян РФ, Беларусі, Сербіі і Чарнагорыі», — дадала прэзідэнт.

Санду адзначыла, што «пры ажыццяўленні плана злачынцы разлічваюць на некаторыя ўнутраныя сілы, у прыватнасці, на такія злачынныя групоўкі, як партыя «Шор», на некаторых ветэранаў, на былых супрацоўнікаў праваахоўных органаў і на людзей, вядомых сваімі сувязямі з Плахатнюком».

Са слоў Санду, мэта гэтых дзеянняў — «звяржэнне канстытуцыйнай і легітымнай улады ў Кішынёве» і замена яе на нелегітымную, прарасійскую, «каб Расія змагла спыніць працэс еўрапейскай інтэграцыі рэспублікі і выкарыстоўваць Малдову ў вайне супраць Украіны».

Прэзідэнт заявіла, што парламент Малдовы павінен як мага хутчэй прыняць законапраекты, якія дадуць Службе бяспекі і пракуратуры неабходныя інструменты «для больш эфектыўнай барацьбы з рызыкай бяспецы краіны».

«Усіх, хто ўдзельнічае ў такіх акцыях і хто іх абараняе, неабходна прыцягнуць да адказнасці», — дадала кіраўнік дзяржавы.

Санду заклікала грамадзян быць пільнымі і давяраць афіцыйнай інфармацыі, таму што «найбольш агрэсіўная форма атакі — гэта інфармацыйная атака».

«Спробы Крамля зладзіць гвалт у нашай краіне не ўвянчаюцца поспехам. Захоўваем спакой і верым у Малдову», — сказала Санду.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула