«Збіраўся ажаніцца ў Харкаве». Былы выкладчык БДУ і айцішнік Яраслаў Кот — пра грошы ў ІТ, відэагульні пра АМАП і сітуацыю на юрфаку
«Многія беларускія распрацоўшчыкі не выпускаюць гатовыя гульні ў мэтах бяспекі. У адной з іх, напрыклад, трэба ўцякаць ад АМАПа», — дзеліцца айцішнік і былы выкладчык юрфака БДУ Яраслаў Кот. Калісьці яго, выкладчыка юрыдычнай этыкі, пасадзілі за нецэнзурную лаянку. З лютага 2021-га ён жыве ў Варшаве, куды пераехаў разам з нявестай пасля сутак. Працуе кансультантам па стварэнні гейм-студый. Ён расказаў «Нашай Ніве», як рэалізаваў сябе, дзе адны з найлепшых умоў для ІТ, колькі грошай трэба, каб адкрыць сваю гульнявую студыю і што цяпер адбываецца на юрфаку БДУ.
06.03.2023 / 21:20
Яраслаў Кот. Фота: Ivan Mishchuk
«На факультэце заробак быў каля 120 даляраў у месяц. А ў Еўропе выкладанне, аказваецца, прыбытковая справа»
Польшчу Яраслаў абраў не выпадкова. З усіх навакольных краін польская супольнасць распрацоўшчыкаў праявіла найбольшую зацікаўленасць у працы з ім.
«Я ж быў рэгіянальным каардынатарам па Усходняй Еўропе і Азіі Міжнароднай асацыяцыі распрацоўнікаў гульняў, польская супольнасць ужо мяне ведала, — кажа ён. — Гэта зрабіла ўсё крыху прасцей. Спачатку студыя 11 Bit нават дала мне жытло, а Fundacja Indie Games Polska (найбуйнейшая і найстарэйшая супольнасць распрацоўшчыкаў гульняў у Польшчы) запрасіла стаць суарганізатарам аўтарытэтнай Game Industry Conference і арганізавала для мяне медыцынскую страхоўку. Гэта вельмі моцна дапамагло аднавіць здароўе пасля турмы і сфакусавацца на пошуку працы.
Таксама мае дзеці засталіся ў Беларусі з былой жонкай, таму, жывучы па суседстве, да іх бліжэй і больш шанцаў сустрэцца. З усіх суседзяў Польшча мае самую развітую эканоміку, законы, якія працуюць, і камфортную для мяне культуру. Аб выбары не шкадую, хаця пры іншых абставінах пераехалі б далей».
Цяпер Яраслаў імкнецца дапамагаць тым, хто аказаўся ў такой жа сітуацыі, як некалі ён.
«У рамках BelGameDev дапамагаем распрацоўшчыкам гульняў, у ABBA дапамагаем прадпрымальнікам, якія пераехалі ў розныя краіны свету. Нават вось анансавалі бізнэс-прэмію для беларусаў на чужыне Free Belarus Business Award. Спадзяюся, што зараз атрымаецца той жа шлях, што прайшоў я, зрабіць лягчэйшым для іншых», — расказвае ён.
На момант арышту Яраслаў быў партнёрам і саўладальнікам юрыдычнай фірмы Business Advisеrs.
У Польшчы ў мужчыны атрымалася рэалізавацца і як юрысту.
«Улічваючы, наколькі складана юрыстам мяняць краіну, я думаў, што рэалізаваць сябе ў гэтым напрамку не змагу, — прызнаецца ён. — Тым не менш мяне запрасілі на кансультацыю ў юрыдычную фірму ў сферы IT. Затым прапанавалі пастаянную пасаду. Цяпер адно з маіх месцаў працы — Cousel Of у Rymarz Zdrot Maruta Law Firm.
Дарэчы, гэта адзіная ў Польшчы юрыдычная фірма, якая мае асобны профільны аддзел па відэа-гульнях і забавах.
Наогул узровень юрыдычнага бізнэсу ў Польшчы нашмат вышэйшы за наш. І патрабаванні да юрыстаў таксама, атэстацыя больш складаная. Выгадна мець вузкую спецыялізацыю, але быць у ёй лепшым».
Таксама Яраслаў працягнуў выкладаць. Цяпер ён дыстанцыйна вядзе заняткі ў магістрантаў у Талінскім універсітэце. Акрамя таго, Яраслаў атрымаў польскую навуковую прэмію ад NAWA. Яна дала яму магчымасць папрацаваць даследчыкам ва Універсітэце імя Казіміра Вялікага ў Быдгашчы.
Фота: Ivan Mishchuk
«Выкладанне мяне ўвогуле спачатку ратавала больш за ўсё, — успамінае ён. — У Беларусі праца ва ўніверсітэце і навуковая дзейнасць для мяне былі, хутчэй, самаразвіццём і спадчынай, бо мае бацька і маці таксама выкладалі.
За мае амаль 20 гадоў на факультэце заробак быў каля 120 даляраў у месяц. А ў Еўропе выкладанне, аказваецца, прыбытковая справа. Спачатку толькі за кошт гэтага і выжываў. Запрашалі ў розныя цікавыя месцы (дзякуй вялізны калегам і сябрам, якія рэкамендавалі мяне), але з-за немагчымасці пераехаць з Польшчы абраў дыстанцыйны варыянт выкладання».
У Яраслава ў тым ліку было шмат праектаў у Кіеве, Адэсе і іншых украінскіх гарадах.
Вясной 2022-га мужчына збіраўся ажаніцца са сваёй нявестай у Харкаве.
«Па бацьку я ўкраінец і частку свайго жыцця правёў ва Украіне, — кажа Яраслаў. — Вайна жахлівая, але для мяне яна пачалася яшчэ ў 2014-м, калі з'явіўся наш з сябрамі праект КамБат (праграмна-апаратны комплекс разведкі. — НН) і стаў прымяняцца УСУ. Мы цяпер працуем таксама над праектам, будзем рады любой спонсарскай дапамозе і падтрымцы».
«Каб адкрыць сваю гульнявую студыю, трэба 5—10 тысяч даляраў»
Шмат знаёмых айцішнікаў Яраслава з’ехала з Беларусі за апошні год.
«А тыя, хто не з'ехаў, збіраюцца, шукаюць спосаб. Гэта зрабіць зараз няпроста — вялізныя чэргі ў пасольства. Кажуць, што трэба з'язджаць, бо няма інвестыцый. У большасці партнёры былі заходнія. Цяпер яны рабіць пераводы ў Беларусь не могуць, а многія проста адмаўляюцца працаваць разам. Некаторых распрацоўшчыкаў, якія ў Беларусі, я ўладкоўваў у польскія кампаніі, ім нават заробак не маглі заплаціць, бо працуюць санкцыі.
Нават тыя, хто раней казаў, што засталіся дзеля дзяцей, зараз з'язджаюць», — кажа ён.
У Польшчы цэны на жыццё значна ніжэйшыя, чым у іншых краінах Еўрасаюза, заўважае Кот. Таму многія распрацоўшчыкі відэагульняў з задавальненнем туды пераязджаюць і адкрываюць свае гульнявыя студыі, у якія набіраюць супрацоўнікаў, каб стварыць той ці іншы лічбавы праект.
«На тым жа Кіпры жыццё дарагое, і ў разы, адпаведна, узрастаюць фінансавыя патрабаванні супрацоўніка.
Тут вельмі развітая гульнявая індустрыя, у Польшчы больш за трыццаць ВНУ, якія рыхтуюць распрацоўшчыкаў гульняў.
Для маладых студый лёгка знайсці фінансаванне з-за таго, што тут самая буйная біржа каштоўных папер па гэты бок ад Берліна. Здзелкі праходзяць на мільярды. У гульню інвестуюць, праз паўгода акцыі выкідваюць на рынак каштоўных папер і ў дзесяць разоў павялічваюць прыбытак. Галоўнае — зрабіць цікавую распрацоўку».
Спецыяльнасць драматурга (гэта першая адукацыя Яраслава) дапамагла Коту ўвайсці ў ІТ: ён пачынаў з таго, што пісаў сюжэты для камп’ютарных гульняў.
Яраслаў плануе адкрываць у Варшаве сваю гульнявую студыю. Па яго словах, цана пытання — 5—10 тысяч даляраў.
Пакуль жа Яраслаў зарэгістраваўся як кансультант па адкрыцці такіх студый.
«Тут больш грошай пойдзе на арэнду памяшкання. Але ў кожным павеце, ваяводстве Польшчы ўсё па-рознаму. Можна знайсці льготныя інкубатары, тэхнапаркі, якія памяншаюць выдаткі і нават падаткі. Так як тут дастаткова дэцэнтралізаванае муніцыпальнае кіраванне, то кожны рэгіён змагаецца за тое, каб прыцягнуць да сябе распрацоўшчыкаў.
Фота: Ivan Mishchuk
Чаму 5—10 тысяч даляраў, таму што сума залежыць яшчэ ад таго, колькі людзей у студыі будзе працаваць і як дамовіцеся па заробку», — расказвае ён.
Па словах Яраслава, ёсць пэўныя непрыемнасці, з якімі можна сутыкнуцца пры адкрыцці гульнявой студыі ў Еўрасаюзе.
«Нашы распрацоўшчыкі не прывыклі быць часткай супольнасці і не звяртаюцца да Нацыянальнай асацыяцыі распрацоўшчыкаў гульняў або ў Еўрапейскую федэрацыю распрацоўшчыкаў гульняў. Яны могуць пракансультаваць у экасістэме індустрыі, парэкамендаваць неабходныя сэрвісы, расказаць аб дадатковых ільготах і магчымасцях.
Часта студыі звяртаюцца да беларускіх юрыдычных фірмаў ці іх нібыта «падраздзяленняў», а гэта вялікая памылка. Цэны на паслугі ў Беларусі завышаныя, а кампетэнцыі, як і адпаведныя дазволы на юрыдычную дзейнасць у еўрапейскіх краінах адсутнічаюць. Так, за рэгістрацыю кампаніі ў Польшчы просяць ажно 1000 даляраў, калі нават лепшыя фірмы бяруць за гэта каля 2000 злотых (каля 450 даляраў)», — расказвае ён.
Яраслаў Кот працягвае супрацоўнічаць са знакамітымі стваральнікамі відэагульняў: Дэвідам Мюліхам, аўтарам Heroes of Might and Magic 3, Аляксеем Сыцянавым, гейм-дызайнерам Stalker: Shadow of Chernobyl, з Даніэлем Вавра, знакамітым па гульні Mafia.
У будучыні Яраслаў плануе выдаць сваю відэагульню.
«Ужо абмяркоўвалі гэта з распрацоўшчыкамі. Але яны не ўсе выехалі з Беларусі. Імёны ж іх пры выпуску гульні можна будзе лёгка знайсці, яны баяцца. Мусіць, як-небудзь збяромся і нешта створым, магчыма, пад псеўданімамі.
Многія паказвалі ўжо распрацаваныя гульні, але не выпускаюць іх у мэтах бяспекі. Напрыклад, была відэагульня, дзе трэба ўцякаць ад АМАПа», — расказвае ён.
«Намеснік начальніка Акадэміі МУС стаў загадчыкам кафедры на юрфаку»
З былымі калегамі з юрфака БДУ Яраслаў падтрымлівае кантакты. Але многія з іх ужо не працуюць ва ўніверсітэце.
«Я ўсё яшчэ адміністратар некаторых каналаў, у тым ліку нашага прафсаюза, — кажа ён. — На юрфаку студэнты ў 2020-м масава выступалі. На жаль, многія з іх расчараваліся ў прафесіі.
На маёй кафедры былы намеснік начальніка Акадэміі МУС Вячаслаў Шабанаў, калі стаў загадчыкам кафедры, прывёў сваіх людзей. І дэкан зараз там ідэалагічна вывераны.
Нядаўна прарэктаркай стала кандыдатка юрыдычных навук Ганна Бакун. Калі ўзяць яе выказванні — абсалютная лухта. Нават цяжка ўявіць, што такое можа казаць чалавек на пасадзе. Яна была адной з абаронцаў людзей, якія займаліся рэпрэсіямі на факультэце. У цэлым цяпер на юрфаку шмат маладых пустых выкладчыкаў».