У Гомелі судзяць за карупцыю былога начальніка мясцовага аддзялення чыгункі

15 лютага ў судзе Савецкага раёна Гомеля пачаўся разгляд крымінальнай справы па факце карупцыі. Адзін з абвінавачваных — былы начальнік Гомельскага аддзялення Беларускай чыгункі Рыгор Дворак, піша «Флагшток».

15.02.2023 / 19:11

Падрабязнасці крымінальнай справы дзяржаўныя СМІ не паведамляюць. Разам з Рыгорам Дворакам на лаве падсудных яшчэ 6 чалавек. Іх абвінавачваюць у крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, дачы і атрыманні хабару, а таксама службовай падробцы.

Рыгор Дворак кіраваў Гомельскім аддзяленнем Беларускай чыгункі на працягу дзевяці гадоў, з 2016 па 2019 год быў членам Савета Рэспублікі.

У 2020 годзе, калі гомельскія чыгуначнікі выходзілі на пікет у знак пратэсту супраць рэпрэсій, па асабістым распараджэнні Дворака звальнялі людзей, заўважаных на маршах і мітынгах.

Апошні раз на сваёй пасадзе Рыгор Дворак згадваўся ў прэсе ў красавіку 2022 года. Яго знікненне з інфармацыйнага поля прыкладна супала з правядзеннем «комплексу дадатковых мер па забеспячэнні грамадскай бяспекі на аб'ектах чыгуначнага транспарту», звязанага з дыверсіямі «рэйкавых партызан».

У верасні 2022 года новым начальнікам Гомельскага аддзялення БЧ быў прызначаны Сяргей Ярашэвіч.

Nashaniva.com