У Мінску закрывае офіс яшчэ адзін топавы распрацоўшчык гульняў

Міжнародны распрацоўшчык і выдавец мабільных гульняў Playgendary ліквідуе ў Беларусі кампанію ТАА «Плейджэндары Девелопмент». Інфармацыя пра гэта з'явілася на сайце адзінага дзяржрэгістру (АДР). Па даных АДР, рашэнне прынятае 5 лютага ўласнікам, піша Dev.by.

16.02.2023 / 11:36

Фота Yandex.by

Чуткі пра магчымае закрыццё мінскага офіса Playgendary з'явіліся яшчэ летам мінулага года. Тады па кампаніі прайшла хваля звальненняў. Прычым без працы апынуліся не толькі супрацоўнікі мінскага офіса, але і іншых лакацый.

Са слоў былых супрацоўнікаў кампаніі, яшчэ ў маі ім паведамілі, што могуць узнікнуць праблемы з пераводам грошай з-за мяжы на заробкі. Каб гэтага пазбегнуць, трэба было звольніцца з штату ў Мінску і падпісаць дыстанцыйна дагавор з кіпрскім офісам. Па выніку частку супрацоўнікаў, якія падпісалі такую дамову, нібыта на працягу кароткага перыяду часу звольнілі (называлася лічба — ад 150 да 200 чалавек).

У кампаніі не адмаўлялі, што былі звальненні, але заявілі, што адначасова альбо ў кароткі прамежак часу адразу 200 чалавек не звальнялі. На пытанне аб кіпрскай ракіроўцы прадстаўнік Playgendary тады коратка адказаў: «Няма сэнсу пераводзіць на Кіпр, а потым звальняць».

На днях у Playgendary зноў прайшлі звальненні, паведаміў dev.by адзін з чытачоў. Ён сцвярджае, што такое рашэнне кампаніі было нечаканым для супрацоўнікаў. Іншыя падрабязнасці расказаць адмовіўся.

У Беларусі ў кастрычніку 2021 года ў Playgendary працавала каля 120 чалавек. Да лета 2022 года, як сцвярджалі былыя супрацоўнікі, штат скараціўся да 40 чалавек

Nashaniva.com