Адзінаросы з Новасібірска адправілі расійскім вайскоўцам ва Украіну кувалды

Чальцы рэгіянальнага аддзялення партыі «Адзіная Расія» з Новасібірска зрабілі справаздачу аб адпраўцы гуманітарнай дапамогі расійскім вайскоўцам у зону баявых дзеянняў ва Украіне, паведамляе выданне 7х7.

16.02.2023 / 14:12

Па словах сакратара мясцовага аддзялення партыі Жанны Якаўлевай, вайскоўцам перадалі прадукты харчавання, цёплыя рэчы, «асабліва каштоўныя цяпер» разборныя печкі-буржуйкі і кувалды. Для чаго вайскоўцам могуць спатрэбіцца кувалды на перадавой, у партыі не ўдакладнілі.

Увосень 2022 года ў тэлеграм-каналах, звязаных з ПВК «Вагнер», распаўсюдзілася відэа пакарання смерцю кувалдай Яўгена Нужына, былога зняволенага, завербаванага ў групоўку. Пасля гэтага кувалда стала адным з сімвалаў ПВК «Вагнера». Найміты, у прыватнасці, выкарыстоўваюць гэты інструмент для катаванняў і пазасудовых пакаранняў смерцю, а Яўген Прыгожын неўзабаве пасля публікацыі відэа забойства Нужына адправіў кувалду са слядамі крыві ў Еўрапарламент.

Nashaniva.com