У папулярным амерыканскім серыяле і новым «Аватары» сыграла дачка беларускай тэнісісткі
Восенню 2022 года амерыканскі канал АМС прадставіў серыяльную версію «Інтэрв’ю з вампірам» — знакамітай карціны 1994 года з Томам Крузам і Брэдам Пітам. Аказалася, што адна з зорак новага шоу мае цесную сувязь з Беларуссю.
16.02.2023 / 22:05
Фота: Jordan Strauss / Invision / AP
«Інтэрв’ю з вампірам» знялі па аднайменным бестселеры 1976 года пісьменніцы Эн Райс. У цэнтры кнігі і яе экранізацый ляжыць гісторыя вампіра Луі, якому больш чым 200 гадоў. Некалі ён быў маладым плантатарам, але страціў жонку і дзіця, а потым і згубіў сэнс жыцця. Ён шукае смерці, але знаходзіць сапраўднага вампіра, які ператварае Луі ў такую ж істоту. Праз стагоддзі Луі расказвае пра сваё жыццё рэпарцёру.
Падчас свайго вампірскага жыцця Луі сустракае маленькую дзяўчынку Клодзію, якая таксама ператвараецца ў вампіра і нейкі час суправаджае Луі. Яна робіцца такой істотай, яшчэ калі была дзіцём, таму біялагічна застаецца дзіцём заўсёды, хаця яе розум і сталее, і да ахвяр сваіх Клодзія ставіцца не па-дзіцячаму жорстка.
Дзяўчыну-вампіра грае 19-гадовая актрыса Бэйлі Бас родам з Лос-Анджэлеса.
Яе бацька, хутчэй за ўсё, афраамерыканец, а вось маці — беларуска Алеся Ігнацьева. Як расказвала сама Бэйлі, яе маці ў свой час добра гуляла ў тэніс і, дзякуючы гэтаму, атрымала стыпендыю. На тэнісных рэсурсах сапраўды можна знайсці ўрыўкавыя звесткі пра такую тэнісістку, якая ў канцы 90-х гадоў прымала ўдзел у некалькіх турнірах, збольшага юніёрскіх.
Але вялікіх поспехаў у тэнісе беларуска не дасягнула і практычна з усіх турніраў, пра якія захаваліся афіцыйныя звесткі, яна адразу вылятала. Мяркуючы па яе інстаграме, цяпер Алеся зарабляе на жыццё дэрматалогіяй або нечым звязаным з продажам тавараў для скуры.
У Бэйлі ёсць брат Элайджа і зводны брат Майкі, а таксама прыёмны бацька Дэйв Маркен. Алеся аддала двух старэйшых дзяцей у мадэльны бізнэс, яшчэ калі яны былі маленькімі. Бэйлі знялася ў сваёй першай рэкламе ў 2008 годзе, а потым зацікавілася акцёрскай працай.
Цяпер у багажы дзяўчыны, акрамя ролі ў «Інтэрв’ю з вампірам», яшчэ і роля Цірэі — маладой нырачкі з планеты Пандора, якая з’явілася ў нядаўнім суперкасавым сіквэле «Аватара» — «Аватар: Шлях вады».
Калі казаць пра 2022 год, яна сыграла галоўную ролю ў тэлефільме «Дар забойства» пра дзяўчыну-падлетка, якая пераводзіцца ў іншую школу і канфліктуе з мясцовай прыгажуняй. Таксама Бас з’явілася ў асноўным складзе серыяла «У такім узросце» пра сямейства Купер, чый свет напоўнены цёмнымі тайнамі.
Як бы далёка ні была Бэйлі ад Беларусі, яна памятае пра тое, дзе нарадзілася яе маці. У інтэрв’ю дзяўчына казала: «Я вырасла ў пераважна рускім раёне, так што я была пагружаная ў беларускую культуру, а таксама ў рускую і казахскую. Пакуль я расла, я размаўляла па-руску, і мне гэта падабаецца. Мне падабаецца так пагружацца ў сваю культуру, бо нават хаця я і ніколі не была ў Беларусі, я адчуваю, што ведаю пра яе так шмат».