Паднялі цэны на скупку каштоўных металаў у насельніцтва

Міністэрства фінансаў Беларусі з 20 лютага мяняе цэны на скупку каштоўных металаў у насельніцтва. Адпаведную пастанову Мінфіна (№7 ад 9 лютага 2023-га) апублікаваў Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал.

19.02.2023 / 08:56

Павелічэнне цэн даволі значнае, асабліва на золата. Так, больш чым на 9,5% паднялі цэны на вырабы і лом залатых вырабаў самых папулярных проб.

Напрыклад, 1 грам золата 950-й пробы будзе каштаваць цяпер 139,13 рубля (было 126,95 рубля). Цану ж 1 грама золата 958-й пробы паднялі да 140,30 рубля (раней яно каштавала 128,02 рубля за грам).

Таксама, хоць і не так прыкметна, падаражэюць у Беларусі і іншыя каштоўныя металы: плаціна (да 73,99 рубля за 1 грам), срэбра 925-й пробы (1,67 белрубля за 1 грам).

Пры гэтым раней цэны на скупку каштоўных металаў карэктавалі ў Беларусі зусім нядаўна — 9 студзеня.

Nashaniva.com