Уладальніка бара «Банкі-Бутэлькі» і яго жонку асудзілі за ўдзел у маршах і выпусцілі з СІЗА
У судзе Маскоўскага раёна Мінска 31 студзеня асудзілі ўладальніка бара «Банкі-Бутэлькі» Андрэя Жука і ягоную жонку Марыю. Іх абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Праваабаронцам стала вядома, што суддзя Сяргей Кацэр прызначыў Андрэю 2,5 года «хіміі». Аб прысудзе Марыі не паведамляецца.
19.02.2023 / 17:21
Фота: mary_moveablefeast / Іnstagram
Пасля шасці месяцаў за кратамі іх вызвалілі. Сужэнцы апублікавалі своё фота ў інстаграме.
Нагадаем, 3 жніўня на Зыбіцкай прайшоў вулічны канцэрт спявачкі Мэрыем Герасіменка на тэрасе бара «Банкі-бутэлькі». Яна спявала песню «Океана Эльзи» «Обійми». Спявачку затрымалі і двойчы арыштавалі на 15 сутак, а потым завялі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 342 КК.
На наступны дзень пасля канцэрта ў бар прыйшлі праверкі з санстанцыі і МНС. Уладальнік бара Андрэй Жук пазней быў затрыманы, як і яго жонка Марыя.
20 студзеня Мэрыем асудзілі таксама па «народным» артыкуле да трох гадоў «хатняй хіміі».