Блогер Максім Шабуцкі стаў рэкрутам палка Каліноўскага

Максім Шабуцкі атрымаў пазыўны Хокінг і распавёў пра свае ўражанні ад падрыхтоўкі ў навучальнай роце.

20.02.2023 / 00:47

Скрын відэа

Прэс-служба палка Каліноўскага апублікавала відэа з навучальнай роты — фінальнай падрыхтоўкі рэкрутаў палка перад размеркаваннем у баявыя падраздзяленні і тылавую службу.

Імя Шабуцкага не называецца, але байца з пазыўным Хокінг можна пазнаць па голасе.

Па словах Хокінга, узровень падрыхтоўкі рэкрутаў палка нашмат вышэйшы, чым ён чакаў, і, у першую чаргу, «дзівіць колькасць боепрыпасаў», якія яны выкарыстоўваюць. «Сярэднестатыстычны баец тут за два-тры дні страляе больш, чым сярэднестатыстычны салдат у беларускай арміі».

Ён адзначыў працу і ўзровень інструктараў, «якія прайшлі па некалькі гарачых месцаў, і гэта не тэарэтычная падрыхтоўка, гэта баявая падрыхтоўка. Узровень здзіўляе».

Хокінг знаходзіцца ў вучэбнай роце тры тыдні. Ён распавёў, што сярод рэкрутаў — людзі вельмі розныя, у яго атрадзе, напрыклад, ёсць кандыдат навук.

Паводле яго, 95 працэнтам байцоў, з якімі ён трэніруецца, — «не месца тут». «Гэта людзі, якія патрэбныя былі б у Беларусі. Тут шмат інжынераў, праграмістаў, лекараў».

Але сітуацыя так склалася, тлумачыць Хокінг, што «беларуская баязлівая армія адмовілася выконваць прысягу», таму «народ павінен сам стаць войскам». Менавіта гэта цяпер і адбываецца, лічыць Шабуцкі.

«Мне здаецца, што полк Каліноўскага — гэта адзіная апора беларускага народа, якая можа нешта змяніць», — сказаў ён.

Шабуцкі — былы міліцыянер. Ён стаў вядомы сваімі відэа на ютубе, якія запісваў, паводле яго слоў, у поўнай канспірацыі, увесь час хаваючыся ў Беларусі ад пераследу.

У красавіку 2022 года Шабуцкі здолеў пакінуць Беларусь.

Nashaniva.com