Асцярожна: перадазіроўка кропель у нос магчымая

Прастуда і грып часта суправаджаюцца закладзенасцю носа, а некаторыя жывуць з гэтым цэлую зіму. Кроплі ў нос дапамагаюць, але ў іх ёсць свае небяспекі.

21.02.2023 / 23:09

Фота: flickr.com

Перш за ўсё, важна разумець, што існуюць некалькі тыпаў назальных кропляў. Усе яны вырашаюць адну і тую ж праблему, то-бок закладзенасць носа, але дзейнічаюць па-рознаму, піша huffpost.com.

Часцей за ўсё выкарыстоўваюцца хуткадзейныя назальныя дэкангестанты (сасудазвужальныя сродкі) накшталт ксіламетазаліну, а таксама лекі на аснове стэроідаў, што ратуюць ад алергіі або разлічаныя на доўгатэрміновае ўжыванне.

Кроплі і спрэі на стэроідах (напрыклад, марэзон ці маменэкс) працуюць дзякуючы таму, што стэроіды зніжаюць запаленне і колькасць слізі ў носе, якая спрыяе закладзенасці. Што да сасудазвужальных сродкаў, праз тое, што яны звужаюць сасуды, да слізістай носа трапляе менш крыві і ў выніку яна менш ацякае.

Ёсць папулярнае меркаванне, што калі рэгулярна выкарыстоўваць кроплі ў нос, можна атрымаць залежнасць ад іх, і яно небеспадстаўнае. Калі вы карыстаецеся сасудазвужальнымі кроплямі пастаянна, тканкі носа часам пачынаюць ад іх залежаць, і як толькі сродак выводзіцца з іх, ацёк вяртаецца і чалавек зноў цягнецца па кроплі. У выніку можна атрымаць такую закладзенасць носа, на якую гэтыя кроплі ўжо не будуць уздзейнічаць.

Таму пажадана не выкарыстоўваць такія кроплі даўжэй за сем дзён. У ЗША дактары нават раяць абмяжоўвацца ўсяго трыма днямі. Калі ж карыстацца імі на працягу некалькіх тыдняў, вы можаце атрымаць хранічны насмарк.

Тым не менш, зусім не заўсёды закладзенасць праходзіць за тры дні, а пры гэтым хочацца вольна дыхаць. Што можа дапамагчы?

Калі нічога не дапамагае, звярніцеся да спецыяліста, каб выключыць наяўнасць алергіі. Гэта асабліва актуальна ў тых выпадках, калі ў вас ёсць іншыя сімптомы алергіі: сверб у вачах, слёзацячэнне, выдзяленні з носа і сверб у ім, а таксама сверб у горле. У такіх выпадках вам могуць спатрэбіцца кроплі ў нос на аснове стэроідаў.

Калі ж ніякіх іншых сімптомаў няма, закладзенасць у носе можа быць прыкметай скрыўлення насавой перагародкі ці паліпа ў носе. Так што, калі кроплі не даюць вам палёгкі, тым больш калі да закладзенасці яшчэ і дадаюцца боль, дыскамфорт і насавыя кровацячэнні, ідзіце з гэтым да доктара.

«У мяне алергія на працу». Доктар — пра вельмі дзіўныя віды алергіі

Навукоўцы: У мужчын можа быць алергія на аргазмы

Галава баліць. Чаму і што рабіць?

Nashaniva.com