Літоўская чыгунка затрымала 15 вагонаў з беларускімі ўгнаеннямі
Пра затрыманне літоўцамі 15 вагонаў з беларускімі ўгнаеннямі паведаміў Беларускі расследавальніцкі цэнтр. Затрыманы састаў паказалі журналістам, у тым ліку расследавальніку БРЦ Аляксандру Ярашэвічу і яго літоўскаму калегу з расследавальніцкага выдання Siena Шарунасу Чарняўскасу.
22.02.2023 / 00:14
Груз з карбамідам коштам 320 тысяч еўра накіроўваўся ў Дубай з перагрузкай у Клайпедскім порце. Пастаўшчык угнаенняў — беларуская кампанія «Тэхнаспецтрэйдынг», пра якую Беларускі расследавальніцкі цэнтр падрабязна расказаў у нядаўнім расследаванні, прысвечаным схемам па абыходзе заходніх санкцый, накладзеных на «Гродна Азот».
Састаў затрымалі яшчэ 10 лютага. Цяпер з грузам разбіраецца пракуратура, а Літоўская чыгунка абяцае ўзмацніць праверку пастаўшчыкоў з Беларусі.