Мінабароны Расіі заявіла пра «інсцэніроўку наступу расійскіх войскаў з тэрыторыі Прыднястроўя»
Міністэрства абароны Расіі сцвярджае, што Украіна «рыхтуе ўзброеную правакацыю» супраць непрызнанага Прыднястроўя «у найбліжэйшы час».
23.02.2023 / 09:57
«У якасці падставы для ўварвання плануецца інсцэніроўка нібыта наступу расійскіх войскаў з тэрыторыі Прыднястроўя», — гаворыцца ў заяве, апублікаванай раніцай.
«Украінскія дыверсанты», сцвярджаецца ў ёй, будуць пераапранутыя ў расійскую вайсковую форму.
Малдова не пацвярджае інфармацыю Мінабароны Расіі аб уварванні УСУ ў Прыднястроўе. Аб гэтым паведамляецца ў тэлеграм-канале ўрада рэспублікі.
«Заклікаем да спакою і атрымання інфармацыі з афіцыйных і правераных крыніц Рэспублікі Малдова», — гаворыцца ў паведамленні.
Міністэрства абароны Расіі рэгулярна анансуе такія «дыверсіі», у тым ліку з ужываннем хімічнай зброі. Ніводны з такіх анонсаў не пацвярджаўся, паведамляе Бі-бі-сі.
Кіеў і Кішынёў пакуль афіцыйна не пракаментавалі новыя сцвярджэнні расійскага ваеннага ведамства.
Асцярогі з нагоды магчымага ўключэння Малдовы ў канфлікт таксама не раз гучалі на працягу года вайны.
У сярэдзіне лютага прэзідэнт Малдовы Мая Санду заявіла, што Украіна дала Кішынёву дакументы, з якіх вынікае, што Расія рыхтуе «падрыўныя дзеянні» ў яе краіне. Яна даручыла органам бяспекі і грамадскага парадку праяўляць максімальную пільнасць, каб прадухіліць звяржэнне канстытуцыйнага ладу.
На мінулым тыдні, выступаючы на Мюнхенскай канферэнцыі, Санду заявіла, што Расія вядзе гібрыдную вайну супраць Малдовы, выкарыстоўваючы эканамічны ціск і прапаганду. На яе думку, Масква хоча дэстабілізаваць абстаноўку ў краіне і вывесці людзей на вуліцы, каб змяніць уладу і стварыць прарасійскі ўрад. Пры гэтым яна падкрэслівала, што не бачыць непасрэднай пагрозы ўварвання ў Малдову з боку Расіі.
На тэрыторы Прыднястроўя ў вёсцы Каўбасна знаходзіцца адно з самых буйных у Еўропе сховішчаў зброі.