Мядзведзеў гатовы дайсці да межаў Польшчы, каб «знішчыць неанацызм дашчэнту»
Дзмітрый Мядзведзеў, намеснік кіраўніка Рады бяспекі Расіі, заявіў, што Расія не збіраецца спыняцца ў «вяртанні сваіх тэрыторый» і гатова «адсунуць межы пагроз як мага далей».
24.02.2023 / 12:28
Фота: АР
«Год, як нашы вайскоўцы аднаўляюць парадак, мір і справядлівасць на нашай зямлі, абараняюць нашых людзей і знішчаюць карані неанацызму», — заявіў ён у сваім тэлеграм-канале.
«Мы вернем нашы тэрыторыі», — бравіруе Мядзведзеў.
А пасля Захад прымусяць да перамоў, піша ён.
«Потым, хутчэй за ўсё, пачнецца не менш складаная пара. Месяцы і гады супрацьстаяння, якое знясільвае, істэрык і хамства з боку тых, хто будзе кіраваць агрызкам, што застанецца ад Украіны. Іх незайздросная доля».
Мядзедзеў піша, што нельга дапусціць, каб «бандэраўцы зноў справакавалі канфлікт».
«Таму так важна дасягнуць ўсіх мэтаў спецыяльнай ваеннай аперацыі (так прапаганда называе вайну. — НН). Адсунуць межы пагроз нашай краіне як мага далей, нават калі гэта будуць межы Польшчы. Знішчыць неанацызм дашчэнту. Каб не марнаваць потым час на адлоў рэшткаў бандэраўскіх банд па маларасійскіх лясах. Каб свет здабыў доўгачаканы спакой», — завяршае прамову Мядзведзеў.