Колькі расійскіх вайскоўцаў загінула за год? Гэта лічба ўжо перавысіла савецкія страты ў Афганістане
«Медыязона» разам з Бі-бі-сі і валанцёрамі падлічвае страты расійскай арміі па адкрытых крыніцах.
24.02.2023 / 15:50
Фота: AP Photo / Evgeniy Maloletka
За год вайны было забіта мінімум 15 136 расійскіх вайскоўцаў. Гэта тыя, чые імёны дакладна вядомыя.
З іх 1214 — загінулыя мабілізаваныя.
За апошнія 12 дзён стала вядома пра тысячу смерцяў.
Журналісты пішуць, што рэальная колькасць забітых можа быць у некалькі разоў большай.
Колькасць пацверджаных па адкрытых крыніцах расійскіх страт за год гэтай вайны перавысіла прызнаныя афіцыйна савецкія страты ў Афганістане за дзевяць гадоў (15 051 чалавек).
Да 24 лютага пацверджана гібель больш за 1 800 афіцэраў расійскай арміі і іншых сілавых структур, 199 з іх — у званні ад падпалкоўніка і вышэй.
Самыя вялікія катэгорыі загінулых — мотастралковыя войскі (13,2%), добраахвотнікі (11,1%), ПДВ (10,3%).
Паводле апошніх ацэнак амерыканскай і брытанскай разведак, расійскія страты, з улікам ПВК «Вагнер», а таксама фарміраванняў марыянеткавых ДНР і ЛНР, на гэты момант дасягнулі 175—200 тысяч чалавек, з іх 40—60 тысяч загінулі.