Замест белай сініцы ў конкурсе «Белпошты» перамаглі службовыя сабакі сілавікоў
«Белпошта» падвяла вынікі анлайн-галасавання за лепшую паштовую марку 2022 года — пераможцам абвясцілі выпуск, прысвечаны службовым сабакам памежнікаў, паведаміла прэс-служба Дзяржпагранкамітэта.
24.02.2023 / 18:58
Адным з прэтэндэнтаў на перамогу, калі конкурс у канцы мінулага года толькі абвясцілі, была марка ліквідаванай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» з выявай белай сініцы, але яе адразу ж знялі з конкурсу, калі марка стала выбівацца наперад.
Пры падвядзенні афіцыйных вынікаў конкурсу на лепшую паштовую марку Беларусі 2022 года аказалася, што кожны другі з 32 тысяч чалавек, якія ўзялі ўдзел у галасаванні, абраў малы ліст «Службовыя сабакі Памежнай службы Беларусі» з выявай аўчарак і лабрадора, распавялі ў Дзяржпагранкамітэце.
Службовых сабак прывялі і на святочную цырымонію ў Галоўпаштамт.
Другое і трэцяе месцы ў конкурсе занялі выпуск з фота Сяргея Плыткевіча, прысвечаны Віцебшчыне, і марка з гербам Добруша.