Мода ў эпоху нявызначанасці. Што мы будзем насіць гэтай вясной і чаму
Модныя трэнды — гэта не столькі творчыя знаходкі дызайнераў, колькі рэакцыя на змены ў грамадстве. Войны і крызісы, зломы гендарных роляў і этычных нормаў — усё знаходзіць адлюстраванне ў новых калекцыях.
25.02.2023 / 20:03
Адзін з трэндаў гэтай вясны — аголенае цела
Сёння моду фармiруе нявызначанасць: вайна і звязаны з ёй эканамічны крызіс усё яшчэ знаходзяцца ў актыўных фазах, і ніхто не можа з дакладнасцю прадбачыць, як і калі яны скончацца. Таму дызайнеры, марачы аб будучыні, падзяліліся на два лагеры: аптымістаў і тых, хто бачыць свет «у стылі Mad Max». Гэтыя супярэчнасці знаходзяць свае водгаласы ў вясновых трэндах — вось самыя папулярныя з іх.
Права жанчын на сэксуальнасць
Гэты трэнд прасочваецца на працягу апошніх некалькіх гадоў і, мяркуючы па ўсім, працягне ўмацоўвацца ў будучыні. Прынята лічыць, што тэндэнцыя да больш разняволеных убораў — звыклая заканамернасць для ваеннага і пасляваеннага часу. Так, пасля Першай сусветнай вайны з'явіліся сукенкі з дэкальтаванымі спінамі, адкрытымі рукамі і шчыкалаткамі. Наступная вялікая вайна прынесла нам стыль New Look з акцэнтам на талію і падкрэслена жаноцкія вобразы. Пасля кожнай з войнаў даўжыня спадніц станавілася карацейшай, а некаторыя, у мінулым абавязковыя элементы жаночага туалету, знікалі зусім.
Насуперак папулярнаму меркаванню, гэтыя змены былі выкліканыя не толькі высокай канкурэнцыяй на рынку нявест. Ваенныя страты стымулявалі жанчын больш актыўна ўдзельнічаць у эканамічных працэсах, што давала ім свабоду выбіраць камфортныя і экстравагантныя ўборы без аглядкі на грамадскую думку.
У глабальным плане бягучы трэнд на сэксуальнасць з'яўляецца працягам працэсаў эмансіпацыі. Ён транслюе заклік не хавацца пад бясформенным адзеннем, каб здавацца, напрыклад, лепшым спецыялістам. Дызайнеры ўпэўненыя, што сёння жанчына можа сумяшчаць абедзве ролі: тую, што пра «прыгажосць і сэксуальнасць», і тую, што пра «хватку і мазгі».
Вось што прапануюць дызайнеры, якія падтрымліваюць гэты трэнд.
Аголенае цела
Ультра-міні
Акцэнт на талію і гарсэты
Чорны колер
Чорны — яшчэ адзін трэнд шокавага часу. Гэты колер увайшоў у моду пасля заканчэння Вялікай французскай рэвалюцыі: у тыя часы ён не толькі ўвасабляў жалобу, але і падкрэсліваў высокі статус чалавека — чорная тканіна каштавала казачна дорага. З часам колер замацаваўся і ў мужчынскім гардэробе: у сярэдзіне XIX стагоддзя немагчыма было ўявіць заможнага джэнтльмена без чорнага сурдута або цыліндра.
Пасля Першай сусветнай вайны Како Шанэль пашырыла межы чорнага і ўвяла яго ў паўсядзённы жаночы касцюм. Гэты колер адпавядаў настрою грамадства і быў не маркім, што адыграла немалаважную ролю ў яго папулярызацыі: услед за эканомікай Еўропы разбуралася багацце ў мінулым шляхетных сем'яў, даглядаць яркае адзенне станавілася ўсё даражэй і чорны са сваёй практычнасцю аказаўся вельмі дарэчы.
Гэтай вясной нам прапануюць насіць чорны тотал-лук, карункі і скуру.
Хіпавасць
З антываеннага руху ў ЗША, які ўзнік у перыяд в'етнамскай вайны, вырасла цэлая субкультура, якая аказала значны ўплыў на развіццё моды. Асноўным прынцыпам гэтай субкультуры стала ненасілле, якое было ўвасоблена ў знакамітым лозунгу «Make love, not war».
Неўзабаве лозунг быў перанесены з плакатаў на майкі, а самі змагары за мір сталі ўвасабленнем нефармальнага падыходу да адзення. Сёння некаторыя элементы іх стылю зноў становяцца актуальнымі, а лозунгі — надзённымі.
Гэтай вясной трэнд на хіпавасць будзе выглядаць так:
Тотал-дэнім
Махры
Гендарна-нейтральнае адзенне
Гісторыя ўзнікнення гендарна-нейтральнага адзення пачынаецца з 1960-х гадоў, калі ў Злучаных Штатах і Еўропе пачаўся рух за грамадзянскія правы і роўнасць палоў. Адной з культурных праяў гэтага руху стала змена ўспрымання стыляў: мужчыны і жанчыны пачалі выбіраць больш вольнае і неканфармісцкае адзенне.
Гендарная нейтральнасць атрымала вялікую папулярнасць у апошнія гады і асабліва моцна выяўляецца ў змене мужчынскай моды. Гэты сезон — не выключэнне, і моцнаму полу прапануюць насiць далікатную палітру і мяккі сілуэт.
Свята як адказ на суровасць часу
Трэнд, які прыйшоў да нас пасля Covid i застаўся дагэтуль. Адсутнасць нагод для вячэрніх выхадаў заахвоціла шукаць месца для свята ў паўсядзённым жыцці. Так з'явіліся мудрагелістыя міксы кактэйльнага, спартыўнага і дзелавога адзення.
Гэтай вясной будуць папулярныя камплекты з пайеткамі і стразамі, якія абавязкова трэба насіць днём.
Туга па нулявых
Некаторыя дызайнеры кінуліся ў настальгію па нулявых — лёгкім і вясёлым часе. Гэты перыяд запомніўся гламурам, дарагімі вечарынамі і зорнымі скандаламі. Успамінаць пачатак стагоддзя лепш у штанах з нізкім поясам, карго або ў адзенні ружовага колеру.
Заніжаная талія
Штаны карго
Адценні ружовага і фіялетавага
Постапакаліптычнасць
Гэты трэнд звязваюць з фантазіяй аб вар'яцкім свеце будучыні, у якім адзенне становіцца сродкам выжывання. Постапакаліптычная мода атрымала шырокую папулярнасць пасля фільмаў «Бягучы па лязе», «Мэд Макс» і «Галодныя гульні». Сёння, калі меркаванні аб магчымай ядзернай зіме гучаць усё часцей, эстэтыка катастрофы зноў становіцца папулярнай.
Прагназуецца, што змены закрануць не толькі рэчы, якія мы будзем насіць, але і сам падыход да шопінгу. Так, паводле даследавання міжнароднай кансалтынгавай кампаніі McKinsey, асноўны попыт будзе на бюджэтныя маркі. Акрамя таго, чакаецца рост афпрайс– і сэканд-хэнд-сегмента, а таксама запатрабаванасць платформ для перапродажу адзення. Так што не спяшайцеся пазбаўляцца ад старога і прагледзьце рэчы з далёкіх паліц — напэўна, нешта трэндавае для гэтай вясны там знойдзецца.