Каля аэрадрома «Мачулішчы» назіраецца актыўнасць сілавікоў

Пачынаючы з 11-й гадзіны ў ваколіцах аэрадрома «Мачулішчы» назіраецца актыўнасць ДАІ і Унутраных войскаў. Паводле папярэдніх звестак, у некалькіх месцах вакол аэрадрома ДАІ спыняла машыны і правярала багажнікі і дакументы кіроўцаў, паведамляе на падставе сваіх крыніц Антон Матолька.

26.02.2023 / 14:59

Пазней быў заўважаны рух МАЗаў Унутраных войскаў да аэрадрома.

Мясцовыя жыхары таксама паведамляюць, што раніцай было чуваць некалькі гукаў, падобных да выбухі, аднак гэтая інфармацыя на гэты момант не пацверджаная. 

Падпісчыкі канала «Беларусь за МКАДам» пазней паведамілі:

«У Мачулішчах быў ноччу моцны выбух і раніцай 2 менш моцных. У бок аэрадрома паехаў Следчы камітэт, стаяць вайскоўцы, аўтаматчыкі і хуткая».

Яшчэ пазней у тэлеграм-канале ініцыятывы ByPol з'явілася паведамленне, што па інфармацыі, атрыманай ад удзельнікаў плана «Перамога», у выніку выбухаў на аэрадроме «Мачулішчы» пашкоджаныя расійскі ваенна-транспартны самалёт і снегаўборачная тэхніка.

Калі вы ведаеце больш, што здарылася на аэрадроме Мачулішчы, якія выкарыстоўваюць расійскія войскі, пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў тэлеграм, на nivanasha@gmail.com ці nivanasha@proton.me.

Альбо пішыце асабіста тым журналістам і рэдактарам «Нашай Нівы», якіх вы ведаеце і якім давяраеце (лепш — у сігнал ці тэлеграм).

Nashaniva.com