Кітай вырашыў вярнуцца да называння Уладзівастока Хайшэнваем
Міністэрства прыродных рэсурсаў КНР афіцыйна загадала зноў выкарыстоўваць традыцыйныя кітайскія назвы васьмі гарадоў і тэрыторый, якія ў XIX стагоддзі адышлі Расіі, і да гэтага часу працягваюць знаходзіцца ў яе складзе.
28.02.2023 / 14:04
Фота: паўночная частка Кітая часоў Імперыі Цын (сярэдзіна XIX стагоддзя) яшчэ да акупацыі яе тэрыторый Расійскай імперыяй, wikipedia
Пра гэта 25 лютага паведаміла выданне Asia Times са спасылкай на афіцыйную дырэктыву Міністэрства прыродных рэсурсаў Кітая, якое таксама выпусціла абноўленую карту свету з вернутымі старымі назвамі сваіх страчаных населеных пунктаў.
Цяпер, згодна з дадзенай новай дырэктывай, некаторыя расейскія тэрыторыі на абноўленай кітайскай карце свету будуць выглядаць так:
- Уладзівасток — Хайшэнвай (што з кітайскай азначае «бухта трэпанга»).
- Благовещенск — Хайланпао.
- Усурыйск — Шуанчэнцзы.
- Хабараўск — Болі.
- Мікалаеўск-на-Амуры — Мяацзэ.
- Нерчынск — Нібучху.
- востраў Сахалін — Куэдао.
- Станавы хрыбет (горны ланцуг у паўднёвай частцы Далёкага Усходу Расіі) — Вай Сіньань.
«Дзяржаўныя межы КНР праводзяцца ў адпаведнасці са стандартным узорам карты, зацверджанай і апублікаванай Дзяржаўнай радай Кітая. А гістарычныя межы КНР праводзяцца ў адпаведнасці з фактычнымі межамі на падставе гістарычных матэрыялаў», — напісана ў афіційнай дырэктыве.
Яшчэ два стагоддзі таму Кітай (тагачасная Імперыя Цын) падчас Опіумных войнаў страціў частку сваіх паўночных тэрыторый на карысць Расіі. Саслаблены інтэрвенцыямі і грамадзянскай вайной Цынскі ўрад тады пад прымусам падпісаў з Расіяй Айгунскі і Пекінскі дагаворы.
Усяго Імперыя Цын тады страціла 1,7 мільёна квадратных кіламетраў тэрыторый, уключаючы частку таго, што цяпер называецца Далёкаўсходнім рэгіёнам РФ. У дадзены момант там пражываюць ад 300 да 500 тысяч этнічных кітайцаў.
«Паўторнае выкарыстанне кітайскіх назваў далёкаўсходніх гарадоў нагадвае кітайцам аб іх жаданні вярнуць страчаныя тэрыторыі», — адзначае выданне Asia Times.