У Крамлі адмовіліся каментаваць атаку на расійскі самалёт у Беларусі
У Крамлі адмовіліся каментаваць атаку на расійскі самалёт у Беларусі, але пры гэтым распаўсюдзілі хлуслівую інфармацыю.
27.02.2023 / 13:41
Прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў не стаў каментаваць паведамленні аб пашкоджанні расійскага самалёта ДРЛВ А-50 у выніку атакі дронаў на вайсковым аэрадроме Мачулішчы пад Мінскам.
«Не, нам няма чаго тут казаць. Гэта ўсё ж інфармацыя, якая была апублікаваная, у ёй ішла гаворка пра Беларусь, і Беларусь абвергла», — сказаў Пяскоў журналістам.
Але беларускія афіцыйныя асобы ніяк не каментавалі інцыдэнт у Мачулішчах і не абвяргалі яго.
Учора ранкам каля 9-й раніцы на аэрадроме былі чутныя два выбухі. Паведамлялася, што пацярпеў вельмі каштоўны расійскі самалёт далёкай разведкі ДРЛВ А-50, ён быў падарваны ў двух месцах. Усяго такіх самалётаў у Расіі, спраўных і няспраўных, дзевяць. Ён выкарыстоўваўся для навядзення расійскіх ракет на цэлі ва Украіне.
Кіраўнік аб’яднання BYPOL Аляксандр Азараў пазней паведаміў, што расійскі самалёт А-50 атакавалі з паветра. Напад з дапамогай двух дронаў учынілі ўдзельнікі плана «Перамога», яны цяпер у бяспецы.