Выпечка ў форме птушак — для сустрэчы вясны
«Жаўрукоў» ці «буськаў», буслоў, звычайна пякуць на Саракі, або дзень веснавога раўнадзенства, аднак чаму б не павітаць вясну ўжо цяпер? Святочная выпечка ўпрыгожыць сямейны сняданак, падыме настрой, а таксама напоўніць дом атмасферай традыцый.
04.03.2023 / 11:21
Фота: etna.by
Вось адзін з мноства магчымых рэцэптаў.
Каб спячы невялікія булачкі ў форме птушак, вам спатрэбіцца:
- 5 г сухіх дражджэй,
- 4 ст. л. цукру,
- 1 шклянка + 2 ст. л. цёплай вады,
- 3 шклянкі мукі,
- 1/2 ч. л. солі,
- 1/2 ч. л. ванільнага цукру,
- 1/4 шклянкі алею + яшчэ трохі для змазвання,
- 1 яйка (для змазвання),
- чорныя разынкі або сушаныя чорныя парэчкі.
Прыгатуйце цеста:
- Змяшайце сухія дрожджы, 1 сталовую лыжку цукру і 1 шклянку цёплай вады ў невялікай місцы і пакіньце на 10 хвілін, ці пакуль зверху не ўтворыцца пена. Гэта называецца «праверкай» дражджэй: ці яны жывыя, каб ваша цеста паднялося.
- У вялікай місцы змяшайце цукар, муку, соль і ванільны цукар і перакладзіце дрожджы ў гэтую сумесь. Дадайце алей і замясіце цеста рукамі, пакуль яно не пачне збірацца ў камяк. Кожная мука розная, таму, магчыма, вам спатрэбіцца дадаць вады, каб атрымаць ідэальнае цеста.
- Цеста трэба добра вымесіць на працягу прыкладна 5—7 хвілін, пакуль яно не ператворыцца ў ідэальны мяккі шар. Вышмаруйце міску алеем і пакладзіце ў яе цеста. Накрыйце плёнкай і пакіньце падымацца ў цёплым месцы прыкладна на 2 гадзіны, ці пакуль цеста не павялічыцца ўдвая.
Вылепіце птушак:
- Падзяліце цеста на роўныя шарыкі дыяметрам прыкладна 7,5 см. Выкладзіце іх на пасыпаную мукой паверхню і накрыйце кухонным ручніком.
- Вазьміце адзін з шарыкаў і скруціце рукамі «каўбаску» даўжынёй каля 15 см, а потым завяжыце яе на вузел. З аднаго свабоднага канца вылепіце птушыную галаву з дзюбай — тут няма нейкіх правілаў, проста стварыце характар. Іншы свабодны канец вузла будзе хвастом птушкі, вострым нажом зрабіце на ім некалькі невялікіх надрэзаў, каб атрымаліся казачныя пёры.
- Выкладзіце гатовую птушку на бляху, змазаную алеем.
- Калі вы скончыце вырабляць птушак, самы час зрабіць ім вочы з сушанай чорнай парэчкі ці нарэзаных чорных разынак. Не забудзьце ўціснуць іх у цеста дастаткова моцна, каб яны не выпалі падчас выпякання.
- Пастаўце бляху ў цёплае месца прыкладна на 30 хвілін, каб булачкі пачалі падымацца.
- Потым пашмаруйце іх яйкам, каб вашы гатовыя вырабы блішчалі.
- Разагрэйце духоўку да 180 °C і выпякайце булачкі 20—25 хвілін. Перад падачай выпечку трэба цалкам астудзіць.