Музей гісторыі Брэста пакажа скульптуру ваяводы, які абараніў горад ад набегу ў 1282 годзе

У музеі гісторыі Брэста прадставяць скульптуру ваяводы Ціта, які абараніў жыхароў горада ад набегу ў Сярэднія вякі. Аб гэтым распавяла дырэктар музея Святлана Тамчук, піша БелТА.

28.02.2023 / 13:46

Музей гісторыі Брэста. Фота: БелТА

У музеі 1 сакавіка арганізуюць мерапрыемства, якое атрымала назву «Подзвіг ваяводы». «Упершыню будзе прадстаўлена скульптура «Берасцейскі ваявода Ціт. 1282 год», выкананая таленавітымі брэсцкімі скульптарамі Алесяй Гуршчанкавай і Паўлам Герасіменкам у 2022 годзе. Ваявода Ціт — сапраўдная гістарычная асоба, якая непасрэдна звязана з гісторыяй Бярэсця XIII стагоддзя», — напісаў у сваім тэлеграм-канале старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр Рагачук.

Аб подзвігу ваяводы Ціта вядома з Поўнага збору рускіх летапісаў. Там гаворыцца, што ў 1282 годзе на горад над Бугам напалі мазаўшане. Ворагі разрабавалі яго і забралі ў палон берасцейцаў. Ваявода змог сабраць людзей, каб аказаць непрыяцелю супраціўленне. «Летапісец піша, што мазаўшан было 200, нашых — 70 чалавек. Гераічна ваявода вярнуўся, адбіўшы палонных і вярнуўшы нарабаванае, — расказала Святлана Тамчук. — Наогул пра наш горад у летапісах не так ужо шмат згадванняў, каля 30. Усе яны адрывістыя, лаканічныя. Летапісныя даныя — каштоўная інфармацыя, якая расказвае нам аб Бярэсці».

Убачыць скульптуру адважнага военачальніка наведвальнікі музея змогуць з 2 сакавіка. Дарэчы, подзвіг ваяводы Ціта ўвекавечаны ў радках на адной з пліт на помніку Тысячагоддзя Брэста.

Музей гісторыі Брэста цяпер размяшчаецца ў былым асабняку, пабудаваным у першай трэці ХХ стагоддзя. У яго калекцыях налічваецца амаль 5 тыс. прадметаў з XVII стагоддзя да сучаснасці. У мінулым годзе ў фонды паступіла каля 200 экспанатаў.

Nashaniva.com