Рыгор Барадулін: вялікая спадчына вялікага беларуса. Новае ВІДЭА на ютуб-канале Андрэя Хадановіча

Новы герой відэа на ютуб-канале Андрэя Хадановіча — народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін. Гаворка пра літаратара, які ўвасабляе сабой беларускую мову і культуру. 24 лютага дзядзьку Рыгору споўнілася б 88 гадоў.

01.03.2023 / 16:42

Сёння паэт расказвае:

Вось некалькі думак з відэа:

Барадулін — творца, якому заўсёды балела, каб Беларусь размаўляла па-беларуску, які з болем успрымаў наступствы каланізацыі, саветызацыі, абрусення, і як мог, часам злой сатырай ашчэрваўся і адбрэхваўся ад гэтага ўсяго.

Мы ўсмак наеліся эрзацу
I наслужыліся панам.
На мове роднай
Агрызацца —
Адно,
Што засталося нам!

Заўсёды з пэўнай насцярожанасцю ставіўся да верша «Трэба дома бываць часцей». З вялікай павагай, але без асаблівай персанальнай любові. Можа быць, таму што адносіў сябе да іншага пакалення беларусаў, для якіх вяртанне дадому — гэта вяртанне ў шматпавярховы горад. Але штосьці ёкнула падчас восеньскіх пратэстаў 2020 года, калі людзі, яшчэ ўчора незнаёмыя між сабой, пачалі выходзіць на падворкі і ў скверы заварыць гарбату і каву, запрашаць да сябе музыкаў, лектараў і нават паэтаў. Яшчэ мацней забалела і прабівае на слёзы, калі мы пачынаем быць раскіданыя па свеце. Знакаміты верш Барадуліна можа зрабіцца сімвалам таго, як мы носім у сабе Беларусь. І ўсё, што робім у Літве, у Польшчы, у Грузіі, урэшце, мае на мэце наша вяртанне дадому.

За месяц да смерці ў лютым 2014-га Рыгор Барадулін прысвяціў кароткі верш свайму ўкраінскаму сябру і калегу Дмытру Паўлычку. Прысвяціў, бо захопніцкая вайна Расіі супраць Украіны пачалася не ў 2022-м, а яшчэ ў 2014 годзе. Сімвалічна, што 24 лютага, дзень пачатку новага вітка вайны, супадае з днём народзінаў Рыгора Барадуліна.

Сплыве па Дняпры
Набрыдзь,
Навалач,
Хлюсь.
Майдан празь вякі
Прывітае быліна.
Не схіліць чало
Спадарыня Беларусь,
Незалежная, як жыццё,
Нэнька Украіна.

У часы наступлення цемры, у часы знішчэння ўсяго беларускага, трымаемся сваіх літаратурных зорак, якія пакінулі пасля сябе вялікую беларускую спадчыну. Глядзім разам новае відэа Андрэя Хадановіча пра народнага паэта Рыгора Барадуліна, ставім падабайкі, каментуем і дзелімся з сябрамі і сяброўкамі.

Глядзіце таксама:

Дон Жуан — салодкагалосы спакуснік ці цынічны монстр? Новае ВІДЭА на ютуб-канале Андрэя Хадановіча

Андрэю Хадановічу — 50! Паэзія, якая заўжды дае надзею. Новае ВІДЭА на ягоным аўтарскім ютуб-канале

Сяргей Пясецкі: літаратурны геній і кантрабандыст на мяжы падзеленай Беларусі. Новае ВІДЭА на канале Андрэя Хадановіча

Nashaniva.com