ЗША абвінавацілі кампанію з Кітая ў перадачы спадарожнікавых здымкаў ПВК «Вагнер». Прыгожын адказаў
Пра перадачу здымкаў кампаніі Spacety Co для ваюючай ва Украіне ПВК «Вагнер» заявіў памочнік дзяржсакратара ЗША па справах Усходняй Азіі і Ціхага акіяна Дэніэл Крытэнбрынк.
01.03.2023 / 11:11
У студзені ЗША ўвялі санкцыі супраць Spacety Co. Тады амерыканскі Мінфін удакладняў, што кампанія перадавала спадарожнікавыя здымкі тэрыторыі Украіны кампаніі «Tэppa-Tэх». Апошняя, паводле звестак ЗША, звязана з ПВК «Вагнер».
«Tэppa-Tэx» таксама была ўнесеная ў чорны спіс ЗША. Заснаваную Яўгенам Прыгожыным ПВК ЗША прызналі транснацыянальнай злачыннай арганізацыяй.
«У нас няма ніякай неабходнасці купляць спадарожнікавыя здымкі. ПВК «Вагнер» ужо паўтара года мае амаль два дзясяткі спадарожнікаў, частка з якіх — радыёлакацыйныя, а астатнія — аптычныя. Таму Дзярждэп ЗША трошачкі праваліўся ў часе», — адказаў Прыгожын праз сваю прэс-службу.