«Усе лаўкі занятыя падлеткамі». Як моладзь спрабавала сабрацца ў цэнтры Магілёва на заклік «ПВК Родан»
Пра тое, як выглядаў збоку падлеткавы сход, расказалі яго сведкі.
01.03.2023 / 20:11
Затрыманне моладзі ў Гомелі. Ілюстрацыйнае фота
Масавыя затрыманні ў Гомелі, дзе напярэдадні было схоплена 200 чалавек і нават распачатая крымінальная справа «за арганізацыю дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак», не напалохалі прыхільнікаў анімэ-субкультуры «ПВК Родан» у Магілёве.
Падлеткі паспрабавалі сабрацца 1 сакавіка а 16-й гадзіне каля гандлёвага цэнтра «Атрыум». Пляцоўку перад ім у 2021 годзе назвалі плошчай Адзінства. Раней з яе пачыналіся маршы пратэсту.
«Цэнтр горада з пешаходнай вуліцай Ленінскай патрулююць міліцыянты. Перыметр пляцоўкі перад «Атрыумам» пільнуюць людзі ў цывільным з характэрнай для сілавікоў знешнасцю. На ёй самой перыядычна зʼяўляецца міліцэйскі нарад з дубінкамі», — кажа адзін са сведкаў.
Падлеткі стаяць па вуглах плошчы кампаніямі да дзесяці чалавек. Калі іх збіраецца больш, то падыходзяць міліцыянты і моладзь разыходзіцца, каб зноў сабрацца ў іншым месцы. Усе тутэйшыя лаўкі занятыя падлеткамі.
«Іх узрост ад 13 да 16 гадоў. У кампаніях падлеткаў ёсць дзяўчаты. У самім гандлёвым цэнтры прагульваюцца групкі маладзёнаў. Там таксама ходзіць міліцыя ў форме і ў цывільным», — працягвае аповед мужчына.
Плошча Адзінства, дзе спрабавала сабрацца моладзь. Фота: mogilew.by
Паводле яго, ад 16 да 17 гадзін ля «Атрыума» было пад сотню маладзёнаў.
«У іх паводзінах не адчуваецца страху, хіба толькі насцярожанасць», — адзначае яшчэ адзін магілёвец.
Ён кажа, што калі міліцыянты падыходзілі да адной групы, то астатнія выцягвалі шыі і прыслухоўваліся, каб вызначыць, што трэба рабіць.
«Уцякаць ці заставацца. Відаць, так хочуць адчуць адрэналін. Моладзь дужа ўзбуджаная», — заўважае мужчына.
Некаторыя маладзёны заяўлялі, што іх ужо называюць тэрарыстамі.
Ці былі затрыманні, нашы суразмоўцы не бачылі.
«Магчыма, хапаць моладзь пачнуць з надыходам цемры або калі нехта выявіць з іх актыўнасць. Можа знойдзецца такі трыгер. Нешта мусіць запусціцца. Можа, бліжэй да надвячорка групкі павялічацца», — выказаўся яшчэ адзін магілёвец.
«Але моладзь дужа зараджаная. У іх, у адрозненне ад дарослых, страху няма», — гэтак жа адзначае ён.
Напярэдадні ў школах праводзіліся прафілактычныя гутаркі. Вучняў страшылі праблемамі, калі пасля вучобы яны не пойдуць па хатах. Строга гаварылі і з бацькамі.
«ПВК Родан» не мае нічога агульнага з вайсковымі кампаніямі. Гэта падлеткавая субкультура, для якой характэрны культ грубай сілы і аматары якой ужо заўважаныя ў некалькіх масавых бойках. Спачатку сутычкі падлеткаў з удзелам «ПВК Родан» адбыліся ў Расіі, потым перакінуліся ва Украіну. На гэты момант украінскія праваахоўнікі высвятляюць, ці ёсць расійскі след у гэтай субкультуры.