«У тэлефоне правяралі не толькі падпіскі». Мужчын пры выездзе за мяжу дапытваюць — падрабязнасці
Пасажыраў, якія гэтымі днямі выязджаюць з Беларусі за мяжу, узмоцнена правяраюць. Маршруткі ў пункце пропуску «Беняконі» стаяць па некалькі гадзін у чарзе. На допыт выклікаюць усіх мужчын. Вось што пытаюцца і што правяраюць.
03.03.2023 / 09:00
Фота: transport-tranzit.by
З беларускага боку мяжы правяралі не памежнікі — меркавана, кадэбэшнікі. Адзетыя былі ў цывільнае. На допыт усіх мужчын клікалі ў будынак — у чарзе стаялі ў тым ліку літоўцы.
Як расказалі «Нашай Ніве», глядзелі тэлефон — правяралі чаты ў тэлеграме, загрузкі і спасылкі там. Задавалі таксама пытанні: ці служылі, з якой мэтай едзеце або да каго, ці ёсць дазвол на жыхарства або карта паляка.
Рэчы не глядзелі.
«Наша маршрутка на беларускай мяжы стаяла больш за 4 гадзіны», — расказаў адзін з пасажыраў, які ехаў гэтымі днямі.
З іх маршруткі праверку ўсе прайшлі, нікога не затрымлівалі.
Адзін з кіроўцаў аўто, які таксама стаяў у чарзе, сказаў, што на мяжы правёў 14 гадзін.
На літоўскім баку мяжы, кажуць, нічога не змянілася.
З чым звязаная такая праверка, пасажырам не казалі. Але да інцыдэнту ў Мачулішчах, які здарыўся 26 лютага, такога не было.
Нагадаем, у той дзень у мясцовых чатах пісалі, што чулі выбухі, вакол аэрадрома назіралася актыўнасць сілавікоў. Пазней «Байпол» заявіў, што з дапамогай двух дронаў быў пашкоджаны каштоўны расійскі самалёт А-50.