«Адлёт А-50 дае эфект «расслаення сігналу». Ці можа дыверсія з А-50 растапіць лёд паміж Кіевам і Офісам Ціханоўскай?
Учора расійскі самалёт А-50, напэўна, паляцеў на рамонт у Расію. Але наколькі ён быў пашкоджаны, пакуль не ясна. Ці дае дыверсія ў Мачулішчах шанец на паляпшэнне адносін паміж украінскім кіраўніцтвам і Офісам Ціханоўскай? «Наша Ніва» спыталася дырэктара ўкраінскага Інстытута сусветнай палітыкі Яўген Магда і палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Юрый Дракахруст.
03.03.2023 / 11:12
Фота: Офіс Ціханоўскай
Сітуацыя вакол самалёта А-50 цяпер неадназначная, заўважае Яўген Магда.
«Заява спадара Азарава, што гэта справа рук беларускіх партызан, успрымалася досыць адназначна: паспяховая атака беларускага падполля, самалёт выведзены са строю. Але сёння мы ўбачылі, што ён падняўся ў паветра і пакінуў тэрыторыю Беларусі. Гэта таксама, як я разумею, вялікі пазітыў, бо адправіўся ён для выпраўлення пашкоджанняў на авіярамонтны завод.
Але склалася сітуацыя, у якой не бачна адназначнасці поспеху: сам факт адлёту самалёта выклікае рознагалоссі ў інфармацыйнай прасторы і эфект «расслаення сігналу». А так як украінская ўлада не гарыць жаданнем размаўляць з Офісам Святланы Ціханоўскай, то яна выкарыстае гэты адлёт А-50 для пацвярджэння сваёй пазіцыі: ці ў вас нешта атрымалася, ці не атрымалася», — мяркуе эксперт.
Паўстае пытанне: а ці быў шанец на пацяпленне гэтых адносін у прынцыпе? Рэдактар еўрапейскага бюро «Радыё Свабода» Рыкард Ёзвяк сцвярджаў, што Украіна адыграла важную ролю ў тым, што ЕС не ўводзіў санкцыі супраць Мінска ў апошнія месяцы.
«Не толькі Украіна можа ўплываць на Еўрапейскі саюз па пытанні санкцый да Беларусі. Дарэчы, пра гэта кажа і сам Ёзвяк у інтэрв’ю. Украіна не з’яўляецца сябрам Еўрапейскага саюза, але ёсць дзяржавы — чальцы ЕС, якія таксама зацікаўленыя ў беларускім экспарце калійных угнаенняў. І ў тым няма нічога дзіўнага, бо ў многіх дзяржаў ёсць свае нацыянальныя інтарэсы, ахвяраваць якімі дзеля росквіту Украіны ці таго, каб загнаць Беларусь у глухі вугал, ніхто не стане», — падкрэсліў украінскі аналітык.
Дрон падчас разведкі падлятае да А-50. Скрын відэа ютуб-канала «Байпол»
На яго думку, у інтарэсах Украіны весці перамовы з усімі ўдзельнікамі беларускага дэмакратычнага працэсу (будзе гэта Офіс ці полк Каліноўскага), а Лукашэнку папярэдзіць, што бізнэсу болей не будзе.
«Зонай выключна яго адказнасці стане рашэнне: кідаць ці не беларускіх вайскоўцаў у топку вайны ва Украіне. Але пакуль гэтага не адбылося, пакуль Беларусь не стала ўдзельніцай поўнамаштабнага ўварвання Расіі, у нас ёсць шанец на дыялог. Але ў гэтым дыялогу не павінен быць бачны нават кончык вуса Лукашэнкі», — кажа Яўген Магда.
«Што зможа прапанаваць Ціханоўская, калі Зяленскі сустрэнецца з ёй?»
Палітычны аглядальнік Юрый Дракахруст лічыць, што паляпшэнне адносін паміж афіцыйным Кіевам і Офісам Ціханоўскай хутчэй немагчыма, чым верагодна.
«Калі беларускае войска ўступіць у вайну, тады магчыма ўсё — ажно да прызнання беларускага ўрада ў выгнанні. У такім выпадку Украіна нічога не губляе.
Тады, канечне, магчымы любыя камбінацыі, у тым ліку і з удзелам палка Каліноўскага — мы зараз назіраем «заляцанні» да гэтай структуры. Але я не выключаю, што тады ўзровень кантактаў з Офісам Ціханоўскай, з Пераходным кабінетам стане вышэйшым», — кажа аналітык.
Аднак пакуль украінскія ўлады трымаюцца на дыстанцыі ад Офіса Ціханоўскай.
«Груба кажучы, украінскае кіраўніцтва асцерагаецца, што калі яно сустрэнецца з Ціханоўскай, Лукашэнка раззлуецца і пашле войскі. А што зможа прапанаваць Ціханоўская, калі Зяленскі сустрэнецца з ёй?»
Юрый Дракахруст мяркуе, што з наступленнем вясны пагроза адкрыцця «беларускага фронту» адцягваецца ў часе, таму Кіеў не зробіць ніводнага неасцярожнага кроку.
«Імавернасць адкрыцця другога, беларускага, фронту адкладваецца, прынамсі, да лета, а можа — і да восені. Перад вайной камандуючы УСУ Валерый Залужны пісаў, што ў лютым магчымы наступ з Беларусі. Люты прайшоў, наступу няма. Дык навошта тады ўкраінцам падштурхоўваць Лукашэнку да ўдзелу ў вайне? Арастовіч, напрыклад, прама гаворыць: Зяленскі сустрэнецца з Ціханоўскай, а Лукашэнка пашле войскі. І каму ад гэтага будзе добра? Украінцам не будзе».