«Нелаяльных» футбалістаў адхіляюць ад гульняў

Перад самым чвэрцьфіналам Кубка Беларусі Мінспорта забараніла васьмярым гульцам браць удзел у матчах. У «Нёмане» пад удар патрапіла легенда клуба, у «Слуцку» — 2 брамнікі, піша «Трыбуна».

03.03.2023 / 14:09

У гэтыя выхадныя адбудуцца першыя матчы чвэрцьфіналу Кубка Беларусі. Два паядынкі прызначаныя на суботу і два на нядзелю. Праўда, лёс трафея будзе вырашацца не толькі на футбольным полі і не толькі па спартыўным прынцыпе, бо ў справу ўмяшаліся чыноўнікі, якія нібыта павінны развіваць спорт. За некалькі дзён да гульняў у клубы паступіла распараджэнне прыпыніць альбо не заключаць кантракты з шэрагам футбалістаў. Некаторыя з іх рыхтаваліся да кубкавых сустрэч і ігралі важную ролю ў сваіх клубах. 

«Нёман»: папрасілі на выхад нават легенду

Гэтае міжсезонне ў гродзенскай каманды атрымліваецца вельмі шматабяцальным. Каманда Ігара Кавалевіча, які перападпісаў з ФК кантракт ужо сёмы раз, толькі раз прайграла — у самым першым матчы зімы мінскаму «Дынама» 0:6. А пасля выдала 12-матчавую бяспройгрышную серыю з 28 галявымі ўдарамі і сямю «сухімі» гульнямі. Прычым за час серыі «Нёман» паспеў узяць два трафеі. Спачатку стаў чэмпіёнам на турніры «Белазавец» у Жодзіне, дзе абыграў брэсцкае «Дынама», дубль «Тарпеда-БелАЗ» і першую каманду «аўтазаводцаў». А праз два тыдні гродзенцы сталі найлепшымі на штогадовым турніры Winter Cup у Брэсце (перамаглі «Нафтан», «Слуцк» і мясцовае «Дынама»).

У святле такіх поспехаў Кавалевіч загаварыў пра тое, што «Нёман» будзе змагацца за самыя высокія месцы ў чэмпіянаце і, магчыма, нешта выйграе, напрыклад, Кубак Беларусі. Аднак рашэнне задачы па Кубку (а можа, і не толькі па ім) у апошнія дні ўскладнілася. Прычым зусім не па спартовым прынцыпе.

Як стала вядома «Трыбуне», адразу чацвёра гульцоў «Нёмана» раптам засталіся без працы. Да нядаўняга часу футбалісты спакойна рыхтаваліся да кубкавых матчаў, удзельнічалі ў спарынгах. Але ў справу ўмяшаўся міністр спорту Сяргей Кавальчук.

Тыдзень таму ў гродзенскі клуб паступіла каманда разарваць ці не заключаць кантракты з удзельнікамі відэа супраць гвалту, якое было запісана ў жніўні 2020-га. Усе, хто фігураваў у запісе, трапілі ў чорны спіс.

У сёлетнім «Нёмане» пад удар трапілі брамнік Сяргей Курганскі, абаронца Яўген Ляшко, паўабаронцы Раман Пасевіч і старажыл і сапраўдная легенда «Нёмана» Валеры Жукоўскі. Кантракты дзейнічалі толькі ў Жукоўскага і Ляшко.

Чацвёрка футбалістаў на відэа сказала «Мы супраць гвалту!», а гэта, як вядома, сённяшняму не даспадобы. Пакаранне за «крамолу» — забарона на працу ў беларускім футболе, пакуль спецыяльная ідэалагічная камісія Мінспорта не прыме іншага рашэння.

Пры гэтым яшчэ на пачатку зімы Кавалевіч, сам прыхільнік Лукашэнкі, біўся за гульцоў з чорнага спіса, але абараніць здолеў толькі Жукоўскага. Невядома чаму, але Кавальчук змяніў літасць на гнеў, і зараз пад раздачу патрапіў і капітан гродзенцаў. Усе чатыры футбалісты працягваюць трэніравацца з камандай, але ў кубкавым матчы з «Віцебскам» 5 сакавіка не згуляюць.

Такі стан спраў здзіўляе, калі ўспомніць, як часта і кіраўніцтва «Нёмана», і галоўны трэнер свяціліся на праўладных мерапрыемствах.

Праўладны ліст яны даўно падпісалі, актыўна кантактавалі з Юрыем Караевым — былым міністрам унутраным спраў, пад кіраўніцтвам якога катавалі беларусаў.

18 студзеня гэтага года «непажаданыя» гульцы разам з партнёрамі старанна праслухалі лекцыю, на якой чарговы служка рэжыму на фоне чырвона-зялёнай сімволікі расказваў аб «правапаслухмяных паводзінах і інфармацыйнай гігіене».

Клуб папярэдзілі, што калі ФК усё ж аслухаецца, заключыць кантракты з гульцамі і заявіць іх на матч Кубка, то план развіцця — а гэта магчымасць атрымліваць грошы з дзяржбюджэту, якім распараджаюцца лукашысты, — «Нёману» не падпішуць. Гродзенцы далі зразумець, што ісці супраць не маюць намеру, і ў выніку літаральна на днях план развіцця «Нёману» зацвердзілі.

«Слуцк»: прыбралі тых, хто ўдзельнічаў у праўладным мерапрыемстве

У клубе з Мінскай вобласці сітуацыя яшчэ больш цікавая. З гэтага калектыву ў чорны спіс таксама патрапілі чацвёра, і яны зараз «пакараныя» — з імі разарваныя ці не заключаныя кантракты да распараджэння «камісіі».

Размова пра брамнікаў Ілью Бранаўца і Паўла Шчарбачэню (ён знаходзіцца ў клубе, але пра супрацу «Слуцк» аб'явіць не паспеў), а таксама пра абаронцаў Яўгена Вялько і Юрыя Астравуха. Пры гэтым апошні ў запісе відэа ў 2020-м не ўдзельнічаў. Астравух наогул у непажаданых рэжыму момантах заўважаны не быў, але, паводле інфармацыі «Трыбуны», патрапіў у чорны спіс праз актыўнасць аднаго са сваякоў.

Яшчэ ў панядзелак каманда спакойна рыхтавалася да кубкавай сустрэчы са «Славіяй», настрой, як распавялі «Трыбуне», у калектыве быў выдатны — усе чакалі старту сезона. Аднак 1 лютага адбыліся кардынальныя перамены. Як і ў «Нёман», у «Слуцк» паступіла распараджэнне ад дыктатарскага Мінспорту звольніць «непажаданых». Пры гэтым неабходна адзначыць, што ў Бранаўца, Вялько і Шчарбачэні дзейных пагадненняў з клубам яшчэ не было, а вось Астравух перазаключыў кантракт са «Слуцкам» 7 лютага. Цяпер па факце ўся чацвёрка знаходзіцца ў статусе беспрацоўных.

Гульцы працягваюць трэніроўкі з камандай, але пры гэтым ведаюць, што ў нядзельным матчы з мазыранамі на поле не выйдуць.

Пра «асаблівае» распараджэнне чыноўнікаў футбалістам паведамілі кіраўнікі клуба ў прыватнай гутарцы літаральна пару дзён таму.

Не збярог гульцоў ад помсты таталітарнай сістэмы нават іх удзел у праўладных мерапрыемствах. Нагадаем, што 19 студзеня Вялько, Бранавец і Астравух у адной са школ горада правялі «патрыятычны ўрок». Футбалісты нібыта «падрыхтавалі матэрыялы аб ключавых этапах Вялікай Айчыннай вайны, 85-годдзі Мінскай вобласці і дзяржаўнай сімволіцы» і нешта расказвалі школьнікам, гледзячы ў паперкі.

«Слуцк» абяцаў выкласці відэа з мерапрыемства, але гэтага не зрабіў, затое ў пачатку лютага Мінспорта паведаміла, што Астравух казаў аб прыемных адчуваннях ад «актыўнай працы грамадскіх арганізацый» для таго, каб дзеці «свята шанавалі подзвіг нашых герояў».

Праява шчырага патрыятызму не пераканала Кавальчука — гульцы, прынамсі, за першым матчам са «Славіяй» будуць назіраць з боку. Пры гэтым, паводле інфармацыі «Трыбуны», перад «Слуцкам» была пастаўлена ўмова, што калі клуб не паслухаецца і падпіша з футбалістамі кантракты, то сітуацыя можа скончыцца выключэннем з чэмпіянату.

Што ў іншых удзельнікаў Кубка?

У чорным спісе, як вядома, прысутнічаюць прадстаўнікі і іншых калектываў, якія рыхтуюцца да кубкавых матчаў. «Трыбуне» ўдалося даведацца некалькі цікавых дэталяў з іх жыцця.

У БАТЭ, які ў суботу згуляе з «Белшынай», непажаданымі лічацца Станіслаў Драгун, Максім Бардачоў, Дзмітрый Бяссмертны, Дзяніс Шчарбіцкі і Даніла Нячаеў. І, паводле інфармацыі «Трыбуны», двое першых па-ранейшаму пад забаронай Кавальчука. Ні ў Драгуна, ні ў Бардачова няма кантракта з «жоўта-сінімі», бо па іх яшчэ не вырашыла пытанне «камісія». Паўабаронца і абаронца трэніруюцца з камандай, але ўдзелу ў паядынку з бабруйцамі не возьмуць.

У «Славіі» і «Шахцёры», у якіх у чорным спісе па гульцу (Уладзіслаў Жук і Павел Забелін адпаведна), усё спакойна. Па інфармацыі «Трыбуны», футбалісты падпісалі кантракты і спакойна рыхтуюцца да кубкавых матчаў. Забелін зусім нядаўна стаў уладальнікам Суперкубка, адгуляўшы ўвесь матч супраць «Гомеля». Не чапаюць і «Белшыну», дзе «гульцамі са спіска» з'яўляюцца Артур Слабашэвіч, Кірыл Леановіч і Павел Чыкіда. Мабыць, іх удзел у нядаўнім ускладанні вянкоў і наведванні ветэрана ВАВ сыграла сваю ролю.

Усё спакойна ў «Віцебску», які рыхтуецца да сезона ў першай лізе. Там няма «непажаданых» футбалістаў і трэнераў, а кіраўнік ФК не раз даваў зразумець, што ён цалкам падтрымлівае рэжым.

Ну і яшчэ адзін удзельнік чвэрцьфіналу Кубка — «Тарпеда-БелАЗ».

Там ёсць пэўныя змены, але яны збольшага не звязаныя з ідэалогіяй.

Адзінае, па-ранейшаму без кантракта знаходзіцца Анатоль Макараў, які ў 2020-м выказаўся супраць гвалту, а ў пачатку 2023-га на відэапакаянні загаварыў пра «ўплыў дэструктыўных каналаў, старэйшых таварышаў і вялікую падтрымку дзяржавы».

Жаданне дагадзіць уладзе пакуль не прывяло да пажаданага выніку. Вялікая верагоднасць, што супраць «Шахцёра» паўабаронца не згуляе. І не толькі праз адсутнасць пагаднення з клубам, але і з прычыны хваробы, праз якую ён цяпер не працуе з камандай.

Не будзе ў суботу ў заяўцы экс-капітана «Тарпеда-БелАЗ» Андрэя Хачатурана. Ён таксама патрапіў у спіс непажаданых і ў пачатку года быў сасланы ў дубль «аўтазаводцаў» — праўда, не па ідэалагічных прычынах. Галоўны трэнер каманды Дзмітрый Молаш даў зразумець, што на паўабаронцу больш не разлічвае, таму Хачатуран і трэніруецца з рэзервам, і гуляе за моладзь у таварняках. Аднак на праўладныя мерапрыемствы (напрыклад, ускладанне вянкоў) наведвае.

Асобна адзначым, што на гэты момант усё супакоілася вакол самога Молаша. Яшчэ нядаўна паведамлялася, што трэнера могуць прыбраць з каманды праз тое, што ў 2020-м, працуючы ў «Ліепаі», ён мімаходзь выказаўся пра падзеі на Радзіме. Аднак зараз, паводле інфармацыі «Трыбуны», усё больш-менш суцішылася — коўч працуе з калектывам і рыхтуе яго да Кубка.

Калі прымуць рашэнне па гульцах?

Безумоўна, і клубы, і самі апальныя футбалісты чакаюць рашэння так званай «камісіі». Нагадаем, што Кавальчук у ідэалагічных пытаннях з нядаўняга часу раіцца з паўабаронцам мінскага «Дынама» Антонам Пуцілам.

Дык вось, спартсмены чакаюць рашэння — могуць яны заключаць кантракты ці не. Аднак, калі «камісія» збярэцца, каб нешта вырашыць, — гэтага ў футбольнай супольнасці ніхто не ведае. Па факце, клубам было дадзена ўказанне афіцыйна не супрацоўнічаць з «непажаданымі» гульцамі і чакаць далейшых распараджэнняў, а будуць яны, невядома калі.

Футбалісты рызыкуюць прапусціць не толькі першыя кубкавыя чвэрцьфіналы, але і матчы ў адказ (11—12 сакавіка), а таксама старт чэмпіянату краіны (17 сакавіка). Зрэшты, па рэгламенце ў клубаў нават увесну ёсць час дазаявіць гульцоў для ўдзелу ў чэмпіянаце. Гэта можна зрабіць да 1 мая, калі на момант пачатку першынства спартсмены будуць вольнымі агентамі.

Nashaniva.com