80-гадовага краязнаўцу, які перажыў канцлагер, асудзілі за публікацыю у фэйсбуку

У Верхнядзвінску суд аштрафаваў 80-гадовага краязнаўцу, старэйшага навуковага супрацоўніка мясцовага гісторыка-краяўзнаўчага музея Антона Бубалу. Ён ганаровы грамадзянін горада.

03.03.2023 / 23:26

Фота: фэйсбук

У маленстве Антон Францавіч Бубала перажыў з сям'ёй канцлагер. Вясной 1943 года, калі яму не было і года, разам з маці, братам і сястром ён апынуўся сярод вязняў Саласпілскага канцлагера (ён знаходзіўся недалёка ад Рыгі). За гады Вялікай Айчыннай вайны там загінула 7 000 дзяцей. Канцлагер існаваў да канца лета 1944 г. Маці і дзецям Бубалаў пашчасціла аказацца ў ліку выжыўшых.

Паседжанне раённага суда было яшчэ 24 студзеня. Пастанову апублікавалі ў сеціве.

Мужчыну асудзілі за тое, што на сваёй старонцы ў фэйсбуку размясціў штосьці з «экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч.2 арт. 19.11 КоАП). Яму выпісалі штраф у 740 рублёў (20 базавых велічынь) і адабралі тэлефон.

Nashaniva.com