«Метадам «пальцам у неба». Пасля дыверсіі ў Мачулішчах адбываюцца аблавы і ператрусы
Пра гэта «Нашай Ніве» паведамляюць людзі з розных мясцовасцей.
05.03.2023 / 16:04
Сілавікі прыходзяць з вобшукамі да розных людзей пры падазрэнні на датычнасць да атакі на расійскі самалёт-разведчык А-50 на аэрадроме Мачулішчы 26 лютага.
«Здаецца, дзейнічаюць метадам «пальцам у неба». Ходзяць да тых, у каго ёсць дроны, лёгкаматорнікі, ходзяць па людзях, якія жывуць вакол Мачулішчаў», — напісаў нам чалавек з Беларусі.
Па інфармацыі праваабарончага цэнтра «Вясна», у суботу і нядзелю супрацоўнікі КДБ праводзілі вобшукі і затрымлівалі людзей у Мінскім раёне. Паведамляецца, што бяруць усіх, хто пераследаваўся па адміністрацыйных палітычных артыкулах з 2020 па 2023 год. Людзей пасля ператрусаў вязуць у СІЗА КДБ. Праваабаронцам вядома мінімум аб дзясятку такіх выпадкаў.
Вядома таксама, што ўсіх, хто выязджае з Беларусі за мяжу, узмоцнена правяраюць і нават дапытваюць. Тое самае адбываецца ў тым ліку на мяжы Беларусі і Расіі.
Калі вы ведаеце больш і ваша інфармацыя можа дапамагчы іншым людзям зберагчы свабоду, пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ, на nivanasha@gmail.com ці nivanasha@proton.me. Альбо пішыце асабіста тым журналістам і рэдактарам «Нашай Нівы», якіх вы ведаеце і якім давяраеце (лепш — у сігнал ці тэлеграм).
Нагадаем, што ініцыятыва сілавікоў супраць дыктатуры «Байпол» 26 лютага паведаміла, што на вайсковым аэрадроме Мачулішчы пад Мінскам раніцай таго ж дня прагучалі два выбухі, якімі быў пашкоджаны расійскі самалёт далёкай радыёлакацыйнай разведкі А-50.
«Байпол» паведаміў, што дыверсію ажыццявілі ўдзельнікі плана «Перамога» і што выбухі пашкодзілі пярэднюю і цэнтральную часткі самалёта. Пазней з'явіліся відэа, як беспілотнікі падпольшчыкаў падлятаюць і сядаюць на кабіну і радар самалёта.
Кіраўнік «Байпол» Аляксандр Азараў заявіў, што самым складаным было падрыхтаваць эвакуацыю людзей, якія ў гэтым удзельнічалі. Азараў не стаў раскрываць падрабязнасці аперацыі.
Беларускія афіцыйныя СМІ і праўладныя блогеры чатыры дні ніякім чынам не каментавалі таго, што здарылася ў Мачулішчах.
«Не выключаю, што могуць затрымліваць актывістаў і прыпісваць ім удзел у плане «Перамога», — дапускаў Азараў.
Існуе таксама версія, што за дыверсіяй маглі стаяць не беларускія партызаны, а ўкраінскія спецслужбы.
«Кожны агучвае версію, якая яму выгадная. Каб мы не ведалі дакладна, што гэта беларускія партызаны, то нічога б не казалі. Лукашысты кажуць, што намі кіруюць спецслужбы замежных дзяржаў, гэта няпраўда. Беларускія партызаны працуюць самастойна. Няхай лукашысты чакаюць працягу», — казаў кіраўнік «Байпол».
Расійскі самалёт далёкай разведкі ДРЛВ А-50 каштуе больш за 330 мільёнаў даляраў. Усяго такіх самалётаў у Расіі, спраўных і няспраўных, дзевяць. Ён выкарыстоўваўся для навядзення расійскіх ракет на цэлі ва Украіне.
«Байпол» сцвярджаў, што самалёт больш не ўзляціць. У сваю чаргу, лукашэнкаўцы пазней сталі сцвярджаць, што з самалётам абсалютна нічога не здарылася. Самалёт, аднак, 2 сакавіка ўзляцеў і пераляцеў на рамонт у расійскі Таганрог, што можа азначаць, што пашкоджанні не маглі быць ліквідаваныя на месцы і былі не настолькі сур'ёзныя, каб машына не магла лятаць.