«Робяць гэта тыя, хто ў нашых шэрагах». Мукавозчык папракае прапагандыстаў за баязлівасць
Прапагандыст газеты «СБ. Беларусь сегодня» Андрэй Мукавозчык у калонцы крытыкуе калег, якія не падтрымліваюць «курс на ачышчэнне».
06.03.2023 / 11:07
Мукавозчык піша, што яго ўразіў наступны тэзіс калегі:
«Аказваецца, беларусы ў масе сваёй не падтрымліваюць жорсткі курс на «ачышчэнне» і «знойдзем кожнага». Ім, кажуць, надакучыла».
Прапагандыст лічыць, што гэтую думку ім унушаюць, спрабуюць так запалохаць.
«Прычым робяць гэта тыя, хто з намі, а не супраць нас. Хто ў нашых шэрагах, па адзін бок. Якія нават лічацца бачнымі фігурамі з кагорты «падтрымалі краіну», — намякае ён на кагосьці з прапагандыстаў.
Мукавозчык наракае, што яго менш радыкальныя калегі «баяцца самавыдуманай большасці». І раіць ім больш дбайна абіраць знаёмых ці адпачыць, калі стаміліся.
«Я вам больш скажу. На маю заўвагу, што не трэба забываць: перамажы неверагодныя тады ці ў будучыні, яны нас, ябацек, вешалі б (будуць вешаць) на ліхтарах, — на гэта я ад калегі-прапагандыста пачуў, маўляў, вой! ну што гэта зноў за клішэ! ну хопіць ужо пра гэта! Харэ! І не ўсе прысутныя былі з ім нязгодныя, не», — піша ў калонцы Мукавозчык.
І заклікае — прапагандыст не павінен быць баязліўцам.
«Баязлівы прапагандыст баіцца толькі касых поглядаў «усіх сваіх знаёмых». Адрасаваных яму за тое, што «дзяржава жасціць». Ну, і страціць добразычлівасць начальства таксама, мабыць, баіцца».
А калі страшна, то выпісвайцеся з гэтых шэрагаў, заканчвае развагі Мукавозчык.