У Зяленскага і Залужнага былі рознагалоссі па Бахмуце — СМІ

Некалькі тыдняў таму Залужны рэкамендаваў разгледзець магчымасць выхаду з Бахмута, каб зменшыць страты, піша нямецкае выданне Bild са спасылкай на крыніцы ва ўкраінскім палітычным кіраўніцтве. З гэтай нагоды ў яго былі рознагалоссі з Уладзімірам Зяленскім.

06.03.2023 / 12:52

Скрыншот відэа

«Хоць расійскія страты, як кажуць, значна вышэйшыя, многія ўкраінскія жаўнеры таксама загінулі пры самаадданай абароне горада. Кажуць, што на гэтым фоне Залужны настойваў на магчымым выхадзе з Бахмута на раннім этапе», — піша выданне.

«Пераважная большасць салдат у Бахмуце не разумеюць, чаму горад утрымліваецца. Хлопцы ў Бахмуце пытаюцца сябе: якая стратэгія?» — прыводзіць Bild меркаванне вайсковага аналітыка.

У артыкуле адзін з суразмоўцаў выдання выказвае думку, што цяпер Бахмут стаў пасткай для Украіны, хоць там і загінула болей расіян.

Тыя, хто выказваецца за працяг абароны Бахмута, лічаць, што калі адступіць, цяжкія баі пачнуцца ў іншых населеных пунктах.

Nashaniva.com