«Рэальны шанец зваліць Лукашэнку быў у 96-м». Алесь Міхалевіч пра палітычную маладосць, выбары, Каардынацыйную раду і свае спадзяванні

Алесь Міхалевіч быў кандыдатам у прэзідэнты ў 2010-м. Цяпер паспяховы юрыст за мяжой. «Наша Ніва» пагаварыла з ім пра палітычнае мінулае і сучасны дэмакратычны рух. Як студэнты ў 1990-ыя высмейвалі ўладу, ці былі пратэсты ў 2020-м марнымі, якая стратэгія на «выбарах» больш паспяховая і ці варта ў будучыні новаму ўраду амніставаць Лукашэнку?

19.03.2023 / 11:11

Алесь Міхалевіч. Фота: асабісты архіў

Маці прабеларуская, бацька з пакалення шасцідзясятнікаў

Алесь Міхалевіч мае ў Празе адвакацкае бюро, якое спецыялізуецца на абароне ад міжнароднага пераследу грамадзян краін з аўтарытарнымі рэжымамі. Такую практыку ён пачаў, калі сам аказаўся ў вышуковай базе Інтэрпала. Туды яго ўнеслі пасля звароту рэжыму Лукашэнкі.

Сталенне Міхалевіча як асобы прыпала на разгар савецкай «перабудовы» — час вялікіх перамен і спадзяванняў.

«Тады шмат чаго пачало друкавацца, — згадвае ён. — У мяне нават была культавая газета, якую чакаў штотыднёва, «Літаратура і мастацтва» — орган Саюза пісьменнікаў Беларусі, дзе працавала шмат цудоўных публіцыстаў».

Бацька Міхалевіча быў навуковым супрацоўнікам Інстытута будаўніцтва і архітэктуры, а маці — супрацоўніцай Інстытута генетыкі і цыталогіі Акадэміі навук. Абое, прадстаўнікі навуковай інтэлігенцыі, дазвалялі сабе шмат чаго казаць «на кухні».

Алесь Міхалевіч, жнівень 2020 года. Фота: сацыяльныя сеткі

«Мая сям’я мела высокі ўзровень крытычнага мыслення, дзе заўжды цікавіліся і аналізавалі. Апроч таго, маці была вельмі прабеларускай і з вялікай павагай ставілася да беларускай мовы; у нас было шмат беларускамоўных кніг. Дадайце сюды выразны антыкамунізм бацькі, які быў з пакалення «шасцідзясятнікаў» і гадаваўся на такіх творах, як «Адзін дзень Івана Дзянісавіча» савецкага дысідэнта Салжаніцына. У такой атмасферы адбывалася крок за крокам фармаванне маіх поглядаў», — расказвае Міхалевіч.

Ён падкрэслівае, што ў «позні застой», перад «перабудовай», на свет выходзіла ўсё больш праўды, у тым ліку пра сталінскія рэпрэсіі, таму савецкая школа і штодзённае савецкае жыццё яму не падабаліся з дзяцінства.

Маці Міхалевіча займалася даследаваннем генных мутацый у «чарнобыльскіх» дзяцей адразу пасля катастрофы па дазволе кампартыі і гаварыла пра гэта. Разуменне, што ўлады нічога не зрабілі для бяспекі людзей і нават не гаварылі праўды, моцна ўразіла падлетка.

«Памятаю, як маці загадала мне ў сонечныя дні красавіка-мая 1986 года сядзець дома, калі мае сябры гулялі ў футбол. Натуральна, тады я быў пакрыўджаны, але ўжо праз пару гадоў — вельмі ўдзячны, калі зразумеў, чаму выганяць людзей на дэманстрацыі, ды яшчэ ў Чарнобыльскай зоне і непадалёк ад яе, было злачынствам», — кажа Міхалевіч.

У васямнаццаць пачала цікавіць палітыка ў чыстым яе выглядзе

Алесь Міхалевіч з 1989 года ўжо быў на падхопе ў «каляфронтаўскіх» колах, раскідваў улёткі кандыдатаў ад БНФ на выбарах.

«На мяне вельмі паўплывала гісторыя з Курапатамі і знакаміты артыкул Пазняка і Шмыгалёва ў «ЛіМе», з якога пачалася публічная частка БНФ. Мая сястра, блізкая да «талакоўцаў», хадзіла на мітынгі і дзялілася інфармацыяй. Ужо тады я быў звязаны з перадавымі апазіцыйнымі коламі Мінска», — адзначае ён.

Міхалевіч спачатку вучыўся ў мінскай школе №19, дзе спрачаўся з настаўнікам гісторыі, які быў і кіраўніком навучальнай установы.

«Мяне ён любіў, але быў камуністам, і я, вучань 7 — 8 класаў, даводзіў яму антычалавечую сутнасць Леніна. Школа была матэматычная, і тых, хто цікавіўся тым жа, чым я (гісторыяй, мовамі, паліталогіяй, сацыялогіяй), там было няшмат», — згадвае суразмоўца.

У 1992-м будучы юрыст быў выпускніком першага выпуску ліцэя Беларускага гуманітарна-адукацыйнага культурнага цэнтра, які пазней стаў Беларускім гуманітарным ліцэем імя Якуба Коласа.

Алесь Міхалевіч у 2007 годзе прэтэндаваў на старшынства ў Партыі БНФ, але прайграў Лявону Баршчэўскаму. Фота: «Радыё Свабода»

Ліцэй быў прэстыжнай беларускамоўнай навучальнай установай. Ён паўстаў з прыватнай ініцыятывы кінарэжысёра і педагога Уладзіміра Коласа, які нязменна ім кіраваў. Ліцэй афіцыйна ліквідавалі ў 2003-м, калі ўлада канчаткова згарнула беларусізацыю, але ён працягваў працаваць ва ўмовах, блізкіх да падполля.

«У ліцэй я хацеў пайсці ад самага пачатку яго існавання як у нядзельную школу, але ў выніку дачакаўся набору на дзённае аддзяленне — гэта быў мой 11-ы клас. Сярод маіх выкладчыкаў былі Вінцук Вячорка, Пятро Васючэнка, намеснікам дырэктара быў Лявон Баршчэўскі, увогуле там працавала шмат звышцікавых людзей», — апавядае Міхалевіч.

Праз сваіх настаўнікаў Міхалевіч даведаўся пра Задзіночанне беларускіх студэнтаў і іншыя заўважныя моладзевыя суполкі.

«Калі я паступіў у БДУ, то не толькі быў натуральным мой шлях у ЗБС, але мяне пачала цікавіць палітыка ў чыстым выглядзе. І ўжо ў васямнаццаць я быў сябрам руху БНФ «Адраджэнне» і Партыі БНФ, калі тая была зарэгістравана ў 1993-м», — кажа ён.

У 1997 годзе Алесь Міхалевіч паспяхова скончыў юрыдычны факультэт БДУ па спецыяльнасці «паліталогія» і адразу ж стаў аспірантам Інстытута дзяржавы і права Нацыянальнай акадэміі навук. Праходзіў стажыроўку ў Варшаўскім і Оксфардскім універсітэтах.

Што такое Задзіночанне беларускіх студэнтаў

Да ЗБС Алесь Міхалевіч далучыўся ў 1993-м. Праз два гады стаў чацвёртым кіраўніком арганізацыі.

Задзіночанне беларускіх студэнтаў утварылася ў 1989 годзе з аб’яднання нефармальных студэнцкіх груп з прабеларускай пазіцыяй. Гурткі па інтарэсах у ВНУ пачалі паўставаць, калі адкрылася праўда пра Курапаты, стала даступнай інфармацыя пра схаваную беларускую гісторыю ды рэаліі жыцця на Захадзе.

Канспект адкрытай дыскусіі пра форму аб'яднання студэнцтва, 1989 год. Фота: zbsunion.by

У 1992 годзе Задзіночанне зарэгістравалі, а пазней яно займела офіс у галоўным корпусе БДУ. Па цяперашнім часе гэта выглядае фантастыкай.

Мэты арганізацыі застаюцца такімі ж актуальнымі, як тры дзясяткі гадоў таму: барацьба з ідэалагізацыяй вышэйшай адукацыі і прасоўванне ідэй рэфармавання сістэмы адукацыі.

Да Міхалевіча Задзіночаннем кіравалі Ігар Міхно, Аляксей Глушко, Антось Бакун.

ЗБС часоў маладосці Міхалевіча мела суполкі і аддзяленні ва ўсіх гарадах, дзе былі ВНУ, у тым ліку ў Горках і Наваполацку. Колькасць сяброў сягала дзвюх тысяч чалавек.

Акцыя Задзіночання беларускіх студэнтаў. Фота: facebook.com/zbsunion

«Інтэрнэту тады не было, — кажа суразмоўца. — Мы ездзілі ў лакальныя ўніверсітэцкія цэнтры, сустракаліся з выкладчыкамі, у пошуках актывістаў дапамагала мая ангажаванасць у БНФ і Таварыства беларускай мовы. Пасля, калі я быў старшынёй Моладзевага інфармацыйнага цэнтра, мы падтрымлівалі моладзевыя арганізацыі па ўсёй Беларусі».

З прыходам да ўлады Лукашэнкі і змены палітычнай сітуацыі стаўленне да незалежных моладзевых арганізацый змянілася.

«Шмат з таго, што можна было рабіць у 93-м, у 96-м трапіла пад забарону, — адзначае Міхалевіч. — Доступ да студэнтаў, да магчымасцяў агітацыі і фармавання структур, банальна да будынка ўніверсітэта, які мы мелі на пачатку 90-х, знік. Нас пачалі ўспрымаць як апазіцыйную арганізацыю проста праз нашую беларускамоўнасць».

Міхалевіч кіраваў Задзіночаннем да 1999 года. Многія паплечнікі адзначаюць, што час яго старшынства быў самым яскравым у дзейнасці арганізацыі. Студэнты ладзілі крэатыўныя акцыі, якія высмейвалі парадкі новага кіраўніка дзяржавы.

Акцыя ЗБС «Дзякуй за хлеб і малако». Фота: facebook.com/zbsunion

У 1994-м студэнты на 100 дзён праўлення Лукашэнкі сказалі яму «Дзякуй за хлеб і малако». Для акцыі прыдумалі заклічку:

«Раз, два, три, четыре,
кто шагает дружно в ряд,
то студентиков отряд.
Умные, лояльные,
В меру актуальные.
Кто идёт? Мы идём!
Кто орёт? Мы орём!
ЧТО ОРЁМ?
Новым ценам наше «Да».
Президент — наш рулевой (ой-ёй-ёй-ёй — ой-ой)».

ЗБС пазбавілі рэгістрацыі ў 2001-м пасля таго, як актывісты заклікалі моладзь на выбарах галасаваць свядома. Тады быў разлік, што моладзі не даспадобы рэжым Лукашэнкі і калі яна прагаласуе за альтэрнатыўнага кандыдата, то ён пераможа.

Суд пастанавіў забараніць ЗБС перарэгістроўвацца цягам 15 гадоў.

Падставамі для ліквідавання легальнага статусу стала адсутнасць шыльды на дзвярах офіса на рускай мове, ужыванне «Менск» замест «Мінск».

Тое, што ўлада расправілася з арганізацыяй, Міхалевіч лічыць агульнай яе няўдачай. Яе сябры аказаліся пад пераследам.

«Тым, хто быў пасля нас, шанцавала менш, яны ўжо «выляталі» з універсітэтаў дзясяткамі», — адзначае палітык.

Грандыёзная памылка Лукашэнкі

У нулявыя Алесь Міхалевіч спалучаў палітычную дзейнасць з юрыдычнай прафесійнай практыкай. З 2003 па 2007 год ён быў дэпутатам Пухавіцкага райсавета і каардынатарам асамблеі дэпутатаў мясцовых Саветаў. Выдаваў незалежную газету «Рэгіён» у Мар’інай Горцы. Даводзіў неабходнасць пашырэння паўнамоцтваў органаў мясцовага самакіравання.

У 2010-м Міхалевіч пайшоў у прэзідэнты. Тады выклік Лукашэнку кінулі ажно дзевяць прэтэндэнтаў.

Кандыдаты на прэзідэнцкую пасаду 2010 года. Фота: levonevski.net

«Моцных спадзяванняў, што мы адразу, на тых выбарах, пераможам, не было — я разумеў, наколькі моцнай была аўтарытарная сістэма. З іншага боку, 2010-ы быў адметны тым, што людзі адчувалі вартасць свайго голасу і за іх галасы змагаліся 9 незалежных кандыдатаў», — адзначае ён.

На яго думку, Лукашэнка зрабіў грандыёзную памылку, што ўсіх зарэгістраваў.

«Хацеў, каб мы асмяшыліся, паказалі, што нікчэмныя і нічога не вартыя. Такую ж памылку ён дапусціў у 2020-м, калі зарэгістраваў Святлану Ціханоўскую, хатнюю гаспадыню, якая па задуме павінна была праваліцца, а ў рэальнасці стала агульнанацыянальным лідарам», — адзначае Міхалевіч.

Ён згадвае, што калі на нацыянальна арыентаваным апазіцыйным полі з’явілася шмат кандыдатаў, яго каманда вырашыла працаваць на «ўчарашніх лукашыстаў», стаць дэ-факта «трэцяй сілай».

«Чым я быў адметны? Я не крытыкаваў Лукашэнку. Так, я прапанаваў адну з самых радыкальных праграм, але пад соусам эвалюцыйнай мадэрнізацыі, з вельмі спакойнай рыторыкай, без канфрантацый і абвінавачванняў», — тлумачыць сваю выбарчую тактыку Міхалевіч.

 

Пасведчанне кандыдата ў прэзідэнты Алеся Міхалевіча. Фота: «Сіцідог»

Палітык лічыць, што дасягнуў сваёй мэты, бо па розных апытаннях за яго прагаласавала каля 4,5%, большасць з якіх раней падтрымлівалі Лукашэнку.

«Калі сядзеў у «амерыканцы», мне ставілася ў віну тое, што я «скраў» галасы ў Лукашэнкі, і я лічу гэта сваёй заслугай, — заўважае палітык. — Думаю, гэта была паспяховая тактыка: паказаць, што хтосьці можа забяспечыць мірны пераход улады, прызнае заслугі ўлады папярэдняй, але па сваёй праграме і мэтах збіраецца весці Беларусь у еўрапейскім кірунку».

Быць прымальным для электарату Лукашэнкі і апазіцыі

Міхалевіч лічыць, што апошні рэальны шанец «зваліць» Лукашэнку быў у 96-м, пасля якога наступіла поўная кансалідацыя ўлады.

Агітацыйны пікет Алеся Міхалевіча ў Віцебску. Фота: viciebsk.cc 

2010-ы, на погляд палітыка, быў годам найвышэйшага эканамічнага росквіту, высокіх заробкаў. Абсалютная большасць людзей была эканамічна задаволеная, хоць і былі незадаволеныя светапоглядава, у тым ліку хамствам і беззаконнем.

«І што цікава, людзі, якія галасавалі супраць Лукашэнкі, былі найбольш эканамічна паспяховымі», — заўважае ён.

«Шмат лукашыстаў казала, што калі б не Лукашэнка, то яны прагаласавалі б за мяне. Шмат людзей, якія галасавалі за Саннікава і Някляева, таксама ўспрымалі мяне як альтэрнатыву і пры іх адсутнасці на выбарах былі б на маім баку», — адзначае ён.

Палітык хацеў выглядаць прымальна як для значнай часткі тых, хто раней галасаваў за Лукашэнку, так і для абсалютнай большасці апазіцыі.

Алесь Міхалевіч на рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты. 2010 год. Скрын: з сацыяльных сетак

«У нейкім сэнсе я паўтараў тое, што рабіў Генадзь Карпенка, які ў 1994-м падтрымаў Пазняка з разуменнем, што на нейкім наступным этапе ў яго будуць добрыя шанцы атрымаць электарат БНФ, — тлумачыць Міхалевіч.

— Будучы дырэктарам маладзечанскага прадпрыемства, былым мэрам горада, ён меў часткова «застабілаўскі» электарат і, калі б атрымаць дадаткова электарат нацыянальна арыентаваны, то гэта азначала б сур’ёзныя шанцы на перамогу. Я ў пэўнай ступені спрабаваў зрабіць такую ж мадэль — быць прымальным для людзей розных поглядаў».

Палітык лічыць: калі ствараеш магчымасці і намагаешся нешта змяніць, верагоднасць перамагчы заўсёды ёсць, а калі не ўдзельнічаеш і сядзіш моўчкі, то дакладна нічога не будзе. Той, хто адсутнічае, заўсёды прайграе, таму ўдзел у выбарах быў мэтазгодным.

«Момант, калі можна было дараваць, мінуў»

У выбарчай праграме Міхалевіча адзначалася, што ў выпадку абрання яго прэзідэнтам ён гарантуе поўную амністыю адміністрацыі Лукашэнкі. Цяпер палітык лічыць, што гэта лінія пройдзена і справядлівасць павінна быць.

«Думаю, варта, каб вінаватыя панеслі пакаранне, каб гэта былі публічныя працэсы, каб зрабіць працэс незваротным і праз 10—20 гадоў не наважыліся рабіць падобнае. Момант, калі можна было дараваць, мінуў», — падкрэслівае ён.

Выбары 2010 года скончыліся для Алеся Міхалевіча, як і для яго дэмакратаў-канкурэнтаў, арыштам. Палітык прызнаецца, што час, праведзены ў турме, быў для яго траўматычным.

Алесь Міхалевіч пасля двух месяцаў зняволення ў турме КДБ. Фота: «Радыё Свабода»

«Нягледзячы на тое, што прайшло 12 год, калі я заходжу ў памяшканне з кратамі — па сваёй працы адваката я часта бываю ў такіх месцах, а яны шмат дзе падобныя да беларускіх следчых ізалятараў, — пачынаюцца флэшбэкі. Думаю, што я зрабіў памылку, не прапрацаваўшы адразу ўсё з псіхатэрапеўтам», — прызнаецца ён.

Алесь Міхалевіч настойліва рэкамендуе большасці палітычных, хто ўтрымліваўся ў турме, прайсці тэрапію, інакш адыход можа быць доўгім і праблемным, як у яго.

«Каардынацыйная рада — гэта голас дэмакратычнай Беларусі»

Пасля падзей Плошчы 2010 года, арышту і вызвалення Алесь Міхалевіч зрэдку зʼяўляўся ў медыйнай прасторы. Сёлета нечакана яго імя зʼявілася ў спісе абноўленай Каардынацыйнай рады. Туды ён вылучаны ад руху «За Свабоду» і цяпер вырашаецца, у якой фракцыі будзе працаваць.

Марш за свабоду, 16 жніўня 2020 года

«Я лічу Каардынацыйную раду вельмі важнай установай для той часткі беларускага грамадства, якая не падтрымлівае Лукашэнку. Мы мусім падвышаць узровень палітычнай культуры, навучыцца шукаць кансэнсус, супрацоўнічаць і працаваць у адпаведнасці з працэдурамі, сумесна галасаваць і выпрацоўваць супольную пазіцыю ў дыскусіях», — тлумачыць палітык.

Ён даводзіць: не бывае такога, што дэмакратыя была выключаная, а пасля мы яе ўключылі.

«Каб была дэмакратыя, каб быў падзел улады, каб краіна была сапраўды прававой, трэба, каб былі людзі, якія ведаюць, як такія інстытуты працуюць, якія не проста ведаюць гэта ў тэорыі, а прайшлі на практыцы: у вылучэннях, дэбатах і прыняцці рашэнняў, — якія ўмеюць паступіцца часткай сваіх інтарэсаў дзеля дасягнення больш важных супольных мэт. Каардынацыйная рада здольная гэтаму ўсяму навучыць, хаця я ўпэўнены, што праблем на шляху нямала», — адзначае Міхалевіч.

Каардынацыйная рада мае пэўную легітымнасць, працягвае ён. Яна прызнаная праз рашэнні Еўрасаюза і рэзалюцыю ЗША, дзе яна названая легітымным прадстаўніком беларускага народа.

Прэзідыум Каардынацыйнай рады ў жніўні 2020 года. Злева направа — Павел Латушка, Марыя Калеснікава, Вольга Кавалькова, Максім Знак, Сяргей Дылеўскі. Латушка, Кавалькова і Дылеўскі цяпер у эміграцыі, Калеснікава і Знак — палітзняволеныя. Фота: Tut.by

«Так, хтосьці скажа, што яна не абраная. Але абсалютная большасць урадаў пачатку XX стагоддзя, калі краіны масава абвяшчалі незалежнасць, былі ўрадамі самаабвешчанымі, часта за мяжой», — нагадвае палітык і ілюструе свае довады гістарычнымі фактамі.

Рада БНР таксама не абіралася ў тым фармаце, які мы сабе ўяўляем: з аднамандатнымі выбарчымі акругамі ці партыйнымі спісамі.

«Яна была легітымнай прадстаўніцай народа, як мінімум той яго часткі, якая выступала за аўтаномію ў рамках дэмакратычнай Расійскай Федэрацыі, а пасля Трэцяй Устаўной граматы — за незалежнасць. Рада мела легітымнасць праз наяўнасць прадстаўнікоў розных сацыяльных груп, такіх людзей, як, да прыкладу, былы дэпутат Дзяржаўнай думы Раман Скірмунт ці рэдактар «Нашай Нівы» Антон Луцкевіч», — даводзіць Міхалевіч.

Ён перакананы, што Каардынацыйная рада — гэта голас дэмакратычнай Беларусі. Яе можна назваць неабраным протапарламентам, але на ўсю гісторыю адзінкі выпадкаў, калі нацыянальным рухам, якія змагаліся за незалежнасць, удавалася правесці выбары.

«З такіх прыкладаў — Ірландыя ў 1918-м, калі Шын Фэйн прайшла па ўсіх акругах, акрамя Паўночнай Ірландыі, і абвясціла незалежнасць. Яны мелі рэальную большасць, прытым што значная частка іх дэпутатаў сядзела па турмах ці знаходзілася ў эміграцыі. Здолелі абвясціць незалежнасць з тымі, хто заставаўся на волі ў Ірландыі», — адзначае Міхалевіч.

Праўда, заўважае палітык, тое дазволіла брытанская сістэма, якая не проста правяла выбары, але выбары справядлівыя і дэмакратычныя, з рэальным падлікам галасоў, што, на вялікі жаль, немагчыма ўявіць у сённяшняй Беларусі.

«Не збіраюся прасіць дазволу, каб вярнуцца ў Беларусь»

Алесь Міхалевіч кажа, што 2020 год прывёў у публічную палітыку шмат бліскучых і прафесійных людзей. Сярод іх называе Ціханоўскую, Латушку, Калеснікаву, Кавалеўскага, Знака.

«І, канешне, я ганаруся ўсім беларускім народам, які на неверагодна прыгожых, масавых, падкрэслена мірных, нягледзячы на правакацыі ўлад, пратэстах паказаў сваю годнасць і сваю волю. Мы, беларусы, увайшлі ў гісторыю, і эфект ад «рэвалюцыі» абавязкова будзе, у мяне няма сумневаў на гэты конт, — адзначае суразмоўца і дадае:

Пасля 2020-га ў ніводнага думаючага чалавека ані ў Еўропе, ані ў свеце няма сумневу, што Лукашэнка не мае сацыяльнай падтрымкі і што Беларусь вельмі даўно яго перарасла».

Алесь Міхалевіч. Фота: асабісты архіў

Алесь Міхалевіч не збіраецца падавацца ў камісію па справах «збеглых».

«Я не веру ў неправавыя механізмы і ўвогуле ў прававую Беларусь часоў Лукашэнкі з яго «иногда не до законов». Апроч таго, не бачу, каб тая камісія выкарыстоўвала нейкі прававы механізм — у дзяржавы застаецца вялікая колькасць магчымасцей парушыць дамоўленасці, перагледзець вердыкт, скасаваць сваю ж прапанову па вяртанні чалавека. І, канешне, усё гэта будзе адбывацца ў ручным рэжыме», — тлумачыць ён.

«Калі я вяртаўся ў Беларусь 8 верасня 2015 года, то ні ў кога не прасіў дазволу і не збіраюся прасіць, калі вярнуся ў Беларусь зноў, — падсумоўвае ён. — А тое, што вярнуся, у мяне сумневаў няма».

Чытайце таксама:

Вядомыя людзі, ноўнэймы і 10 чалавек, чые імёны не называюцца. Хто ўвайшоў у абноўленую Каардынацыйную раду
Што рабіць беларусам, якіх дзяржава можа пазбавіць грамадзянства? Парады адваката
Алесь Міхалевіч: Калі вы ў групе рызыкі, але не публічная асоба, праблем нашмат больш. Я б раіў такім людзям звяртацца ў Інтэрпал

Nashaniva.com