Асудзілі былога кіраўніка візавага цэнтра Іспаніі ў Беларусі Руслана Лабанка. Справа, хутчэй за ўсё, палітычная
Стала вядома, што ўчора ў Мінскім гарадскім судзе пачаўся працэс над Русланам Лабанком. Падрабязнасці справы невядомыя, але па адным з артыкулаў асудзілі дзясяткі беларускіх дысідэнтаў.
08.03.2023 / 17:39
Інфармацыя пра Руслана Лабанка з'явілася на сайце з раскладамі, разгляд яго справы прызначылі на 6 сакавіка ў Мінскім гарадскім судзе. Сярод артыкулаў — «Дача хабару» і, што самае цікавае, «Здрада дзяржаве». Суд закрыты.
Лабанку 40 гадоў і раней ён быў буйным бізнэсоўцам з кубінска-беларускімі каранямі. Руслан з сям'ёй некалькі год пражыў у Андалусіі, самым гарачым рэгіёне Іспаніі.
У 2017 годзе ён адкрыў турыстычную кампанію Peace Tour, якая існавала ў Расіі і Беларусі, а таксама быў заснавальнікам візавага цэнтра Іспаніі ў Мінску. Турыстычны бізнэс у яго быў і ў самой Іспаніі. Яго прымалі на вельмі высокім узроўні, мяркуючы па старонках у сацсетках і паведамленнях у СМІ.
Руслан Лабанок на вечары іспанскай культуры ў мінскай філармоніі. Другі злева — Павел Латушка, тагачасны пасол у Іспаніі. Насупраць іх сядзіць Лідзія Ярмошына. 2017 год. Фота: philharmonic.by
На базе іспанскага візавага цэнтра існавала школа іспанскай мовы і рэалізоўвалася шмат беларуска-іспанскіх праектаў.
Невядома, у чым яго віна. Руслана Лабанка затрымалі 25 кастрычніка 2021 года, а ўсе ягоныя кампаніі раптоўна закрыліся ўвесну 2022 года. У красавіку 2022-га доступ у візавы цэнтр Іспаніі быў абмежаваны і людзі не маглі забраць свае дакументы. Такім чынам, у СІЗА ён правёў больш за паўтара года, і ўвесь гэты час пра яго нічога не было вядома.
Мяркуючы па ўсім, Руслану ўжо вынеслі прысуд. Па яго артыкулах гэта ад 10 да 15 гадоў турмы.