З'явілася відэа з расстрэлам вайскоўца, які кажа «Слава Украіне». Што пра гэта вядома?

Учора ў сеціве стала распаўсюджвацца відэа, на якім расстрэльваюць бяззбройнага чалавека ў форме УСУ за вокліч «Слава Украіне». Вайсковец падае, голас за кадрам працягвае лаяцца.

07.03.2023 / 09:10

Дзе і калі зроблены запіс, невядома. Асоба меркаванага загінулага — таксама. Ва ўкраінскіх СМІ з'явілася версія, што на відэа — вайсковец 72 брыгады «Чорных Запарожцаў» з пазыўным «Магніт», аднак журналіст Юрый Бутусаў абверг гэта.

Расійскія Z-паблікі выказваюць розныя версіі — ад поўнай пастаноўкі да расстрэлу расійскага палоннага, пераапранутага ў форму УСУ. 

Канал «Grey Zone» (яго звязваюць з ПВК «Вагнер») піша, што нічога дзіўнага ў кадрах няма: «У нас склалася пакаленне кантэнт-ваяроў. Кожны хоча вызначыцца прыгожай фота ці відэа з вайны. Каб паслаць дадому па WhatsApp пацанам або ў вайсковую часць».

На відэа адрэагавалі ўкраінскія афіцыйныя асобы. 

«Сёння зʼявілася відэа, як акупанты па-звярынаму забілі воіна, які смела сказаў ім у вочы: «Слава Украіне!». Хачу, каб мы ўсе разам адказалі на яго словы: «Герою слава! Героям слава! Украіне слава!». І мы знойдзем забойцаў», — заявіў у вечаровым звароце Уладзімір Зяленскі ўвечары 6 сакавіка.

Генпракуратура Украіны распачала крымінальную справу аб парушэнні законаў і звычаяў вайны. Міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба звярнуўся да пракурора Міжнароднага крымінальнага суда Карыма Хана і запатрабаваў правесці расследаванне.

pic.twitter.com/Ym03Cjr7Ii

— Володимир Зеленський (@ZelenskyyUa) March 6, 2023

Расійскія ўлады пакуль не каментавалі відэа. Афіцыйныя пракрамлёўскія СМІ таксама маўчаць.

Nashaniva.com