Беларус парваў тыкток сваімі хатнімі цюльпанамі — мільёны праглядаў
Напярэдадні 8 сакавіка жыхар Беларусі пад нікам @_petrovich_v выставіў у тыктоку вырашчаную проста ў сваім пакоі цэлую паляну рознакаляровых цюльпанаў. Гледачы гэта ацанілі, за кароткі час відэа набрала больш за 3,5 мільёна праглядаў, піша «Камсамольская праўда».
08.03.2023 / 16:14
У кароткім кліпе беларус Валянцін Пятровіч паказаў, што ў яго ў кватэры на падлозе проста побач з канапай і сценкай-сервантам выспелі шыкоўныя кветкі. Уладальнік гэтай хатняй аранжарэі зразае толькі адну кветку, але відаць, што гэта кропля ў моры.
Ягоныя падпісчыкі і проста карыстальнікі тыктока былі ўражаныя, пакінуўшы каля 230 тысяч лайкаў і амаль 6000 каментароў, у асноўным са словамі захаплення.
Праўда, знайшліся і такія, хто ці бачыў у гэтым нейкія меркантыльныя інтарэсы, ці клапаціўся пра суседзяў, бо, маўляў, вырошчванне кветак у такіх умовах парушае санітарныя нормы. Аднак аўтар роліка, як аказалася, жыве не ў кватэры ў шматпавярховіку, а ў прыватным доме, таму калі каму і шкодзіць, то толькі самому сабе.
Пазней Валянцін Пятровіч выпусціў яшчэ адзін кліп з цюльпанамі, які таксама набраў нямала праглядаў, але ўжо куды менш — «усяго» каля 60 тысяч.