Беларусь займае трэцяе месца ў свеце па колькасці журналістак за кратамі
У Міжнародны жаночы дзень міжнародная арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» (RSF) заклікала да неадкладнага і безумоўнага вызвалення жанчын-журналістак, якія знаходзяцца ў зняволенні па ўсім свеце. А заадно прывяла сумную статыстыку.
08.03.2023 / 23:26
Марына Золатава, адна з 10 журналістак, якія цяпер зняволеныя лукашэнкаўскім рэжымам
Паводле барометра свабоды прэсы RSF, з 550 журналістаў і работнікаў СМІ, якія цяпер знаходзяцца ў зняволенні па ўсім свеце, 73 жанчыны, і гэтая доля (13%) за апошнія пяць гадоў падвоілася.
Жанчыны-журналісткі сталі ахвярамі пераследу ў 14 краінах свету, асабліва ў Кітаі (21 журналістка знаходзіцца ў турме), Іране (12), Беларусі (10), В'етнаме (4) і Турцыі (4).
У Беларусі, па звестках праваабаронцаў, у месцах зняволення знаходзяцца цяпер 155 жанчын-палітвязняў. Агулам жа за пратэсты супраць Лукашэнкі і вайны ва Украіне на пазбаўленне і абмежаванне волі асудзілі не менш як 534 жанчын.