Ці затрымалі тых беларусаў, хто вывеў з ладу самалёт у Мачулішчах? Нікога не паказалі

Аляксандр Лукашэнка на нарадзе 7 сакавіка ўзнагародзіў сілавікоў за тое, што яны раскрылі атаку на самалёт у Мачулішчах. Але, мяркуючы па фільме БТ, які выйшаў у эфір 9 сакавіка, магчыма, затрыманы толькі адзін грамадзянін Украіны Мікалай Швец, ролю якога яшчэ трэба высветліць. Беларусаў жа, датычных да нейтралізацыі самалёта, у фільме назвалі, але не паказалі.

10.03.2023 / 11:53

Мікалай Швец. Магчыма, гэта адзіны, каго сілавікам удалося затрымаць. Скрыншоты з tvr.by

7 сакавіка Аляксандр Лукашэнка пасля дзевяці дзён адмаўлення прызнаў, што мегакаштоўны самалёт, з якога ажыццяўлялася навядзенне расійскіх ракет і дронаў на цэлі ва Украіне, сапраўды быў выведзены з ладу.

Раней былі апублікаваны відэа, як падпольшчыкі прызямлілі дроны на фюзеляж самалёта.

Мяркуючы па словах Аляксандра Лукашэнкі і тых кавалках інфармацыі, якія перадало дзяржаўнае тэлебачанне, гэта была разгалінаваная аперацыя са складаным планам, у рэалізацыі якога былі задзейнічаныя шматлікія беларусы, як мужчыны, так і жанчыны. 

Хоць Аляксандр Лукашэнка паведаміў пра затрыманне ажно 20 чалавек, дзяржаўныя СМІ паказалі кадры затрымання толькі грамадзяніна Украіны Мікалая Швяца. Ні допытаў, ні кадраў затрымання, ні нейкіх іншых доказаў затрымання іншых названых лукашэнкаўцамі нібыта датычных да гэтага людзей не прыводзіцца.

Відэа БТ створана з каментароў чэкістаў і допыту Мікалая Швяца, знятага з некалькіх ракурсаў. Нельга сказаць напэўна, ці быў хто затрыманы разам з Мікалаем Швяцом.

«Наша Ніва», грунтуючыся на інфармацыі дзяржаўных СМІ, паведамляла пра затрыманне Алега Сычова і яго жонкі Настассі Пілько. Праваабаронцы і журналісты таксама былі пэўныя, што яны затрыманыя, абапіраючыся на паведамленні жыхароў вёскі Чарцяж і маўчанне іх сваякоў. Хоць, па звестках «Вясны» на цяперашні момант, пара затрыманая, пасля фільма БТ стала незразумела, што з імі, а калі яны затрыманыя, то ці яны ўвогуле датычныя да справы. 

Дзяржаўнае тэлебачанне спачатку называла іх імёны ў адным шэрагу з затрыманым Швяцом, але ў рэпартажы 9 сакавіка іх ужо ахрысцілі «беглымі». Так лукашысты называюць тых, каго ім не ўдаецца схапіць. 

Не паказалі ў фільме і іншых людзей, якія ўзгадваліся як датычныя да супраціўлення — гэта Віталь Якуцік, Міхаіл Дзёмін, Ала Яцута. Мяркуючы па фільме БТ, усе яны або хаваюцца, або выехалі за мяжу.

Затое паведамляецца пра затрыманне шматлікіх выпадковых людзей. Гэта і выдавец-ветэран Зміцер Колас, у якога друкаром працаваў Алег Сычоў, і сястра Алы Яцута, якая проста прыняла яе дома (паведамляецца, што супраць жанчыны завялі крымінальную справу). Гэта нагадвае ўзяцце закладнікаў нацыстамі ў адказ на дыверсіі падполля ў час Другой сусветнай.

Магчыма, акрамя Швяца, ролю якога яшчэ трэба высветліць, не затрымалі нікога, акрамя выпадковых людзей? Сапраўды, прыходзілі паведамленні пра дзясяткі, а можа быць і сотні рандомных затрыманняў людзей, якія жывуць вакол Мачулішчаў, стралкоў, страйкбалістаў, рэканструктараў. Затрыманні працягваюцца.

Калі так, то «дваццаць затрыманых», агучаных Лукашэнкам, як і квяцістыя аповеды пра «занадта малы» дрон і суперсучасныя тэхналогіі, і нават узнагароджанне сілавікоў — гэта блеф, каб стварыць уражанне, што сітуацыя добра кантралюецца.

Чытайце яшчэ:

Мінула 4 дні, як КДБ забраў выдаўца Змітра Коласа. Звязана са справай пра Мачулішчы?

Стала вядома, хто такі Якуцік, пра якога па ўсёй Беларусі дапытвалі стралкоў, і ў чым яго абвінавачваюць

КДБ заявіў пра датычнасць да дыверсіі супраць самалёта ў Мачулішчах спецслужбаў Польшчы

Nashaniva.com