«Абмеркавалі, вырашылі — пагналі!» Пабудавалі модную трохвугольную хату-шале ўсяго за паўгода

«Мы такія людзі, якія доўга не думаюць. Абмеркавалі, узважылі ўсе за і супраць, вырашылі — давай! І ўсё, пагналі!» — кажа Аляксандр Каранец. Яго сям'я — жонка Вольга і сямігадовая дачка Сафі. Гэтым беларусам на будаўніцтва доміка мары спатрэбілася крыху больш за паўгода. Толькі ў канцы ліпеня 2022-га куплялі ўчастак пад Мінскам, а ўжо ў лютым 2023-га трохвугольны дом-будан прыняў першых гасцей. Сям'я распавяла Onlíner пра свой досвед будаўніцтва ў модным стылі A-frame, пра суму выдаткаў і пра тое, як хутка плануюць акупіць тое, што ўклалі.

11.03.2023 / 14:02

Дом як мара і будоўля

У Аляксандра тэхнічная адукацыя, некалькі гадоў ён працаваў у «Мінскметрабудзе» на вядомым тунэлепраходчым шчыце «Алеся». Займаўся і рамонтамі кватэр. Вольга — фінансіст, другі занятак творчы — фатограф-візуалізатар.

— Нам складана працаваць у чымсьці адным. Імкнёмся паспець усюды, часам самі не разумеем як, — распавядае Вольга.

З лютага гэтага года муж і жонка ўвайшлі яшчэ і ў гасцінічны бізнэс дзякуючы невялікаму дому-шалашу. Пабудавалі яго самі за 35 кіламетраў ад Мінска (лагойскі напрамак) і назвалі Capsula Home.

— Мы самі адпачывалі ў падобных хатках. На свой густ рабілі высновы, што добра рэалізавана, а што можна палепшыць. Загарэліся ідэяй і самім пабудаваць такі. Хацелі атмасферы скандынаўскага шале, каб чалавек адчуваў сваю блізкасць да прыроды.

 Участак для здзяйснення мары купілі спантанна.

 — Гэта была лёсавызначальная гісторыя. Звычайным летнім вечарам муж зайшоў на сайт, дзе прапанавалі ўчасткі. Мы ўбачылі гэты — і паехалі, проста на асаблівым вайбе, паглядзець. Прыязджаем — а там фактычна кавалак лесу: сосны, елкі. Вельмі спадабалася. Плюс лакацыя добрая — блізкасць да Мінска і гарадоў-спадарожнікаў.

Ужо праз пару дзён афармлялі пакупку. Зямля абышлася нядорага — $ 2000 у эквіваленце.

Энную суму пацягнулі рэгістрацыйныя працэдуры і аснашчэнне ўчастка дабротамі цывілізацыі. Трэба было праводзіць асвятленне, ваду, каналізацыю — на гэта сышло яшчэ каля $7000.

— Калі куплялі ўчастак, у нас не было ніякага ўяўлення пра яго геадэзію. Прабурыць свідравіну было дарагім задавальненнем, ды і сутыкнуліся з цяжкасцямі: аказалася, там высокія грунтавыя воды. Прыйшлося закопваць у зямлю цэлую сістэму аўтаномнай каналізацыі з сучаснымі тэхналогіямі перапрацоўкі адкідаў. Былі варыянты і прасцейшыя, але яны для іншай якасці зямлі.

Некалькі разоў выклікалі спецтэхніку: выкарчоўвалі лішнія дрэвы, кусты. На работы па расчыстцы ўчастка спатрэбілася каля трох тыдняў.

Разважанняў, у якім стылі будаваць, не было: толькі A-frame.

— Да таго ж нам хацелася менавіта каркасны дом. Так, мы чыталі, як ён будзе паводзіць сябе ў нашым клімаце, як яго размяшчаць, але тонкасці-нюансы праходзілі ўжо падчас будоўлі.

Вывучылі рынак, знайшлі падрадчыка.

— Нам здавалася, што забудоўшчык будзе працаваць сумленна, але ён лавіраваў паміж некалькімі праектамі. Будоўля пачалася нашмат пазней, чым было прапісана ў дамове. Выкарыстоўваліся не зусім якасныя матэрыялы. Усё гэта і стала прычынай скасавання дамовы. Перш у нас не было асабістага досведу будаўніцтва хаты. І калі ў пачатку работ мы былі людзьмі ў ружовых акулярах, то з будоўлі выйшлі з больш загартаванымі нервамі і суровым разуменнем працэсаў.

Завяршалі працу іншыя памочнікі. Аляксандр непасрэдна сам курыраваў працэсы на месцы. Да таго ж усё ўнутранае аздабленне — справа яго рук.

Асноўныя этапы будаўніцтва наступныя: выбар і заліванне падмурка, усталёўка каркаса і ўцяпленне, узвядзенне даху, устаноўка вокнаў і дзвярэй, унутраная ашалёўка.

— Па нашых назіраннях, такі домік без замінак і якасна можна ўзвесці дзён за 60. Ды і будаўнікі так кажуць. Якія выбіралі матэрыялы? Сцены — імітацыя бруса, хвоя, гатункаў «А» і «Экстра». Перажывала, як будзе выглядаць. Казала будаўнікам: «Хлопцы, мне не патрэбная беларуская дача, абітая штыкетнікам». У працэсе паляпшалі клас бруса, каб вынік быў лепшы.

На даху — фальц.

— Мы візуалы, да таго ж нам сказалі, што фальцавы дах дадаткова прыбірае шум. Не хацелася ў дождж сядзець як у бункеры, па якім нехта б'е лыжкамі.

Каркас абышоўся прыкладна ў $20 000.

Яшчэ «на беразе» разумелі: свайму дому-шалашу дабавяць «квадратаў». Праект, да якога звычайна звяртаюцца ў Беларусі і Расіі, — 6 на 6 метраў. Аляксандр і Вольга вырашылі, што ў іх будзе 6 на 8.

Зрабілі два ўваходы. Дзякуючы гэтаму, з задняга фасада атрымалася арганізаваць калідор, хаця іх у трохвугольных дамах робяць рэдка. Там можна пакінуць курткі, абутак, сумкі і іншыя рэчы, каб яны не блыталіся потым пад нагамі ў гасцей.

Асноўная прастора — з другім асвятленнем.

— Шкляныя дзверы, вокны да падлогі — усё гэта, вядома, дадае паветра.

У гасцінай стаіць абедзенны стол, ён раскладваецца. Кухонную зону спланавалі так, каб змясціць асноўныя бытавыя прыборы.

— У многіх шале мантуюць маленькія халадзільнікі. Карыстацца такімі нязручна. Мы паставілі нармальны, вялікі халадзільнік. Бо госці розныя: нехта заказвае прадукты з дастаўкі, а нехта хоча прыгатаваць вячэру сам. Я і сама люблю выгоды. Калі плаціш грошы, то хочацца камфорту, а не трымаць талерку на каленях.

Разыначка — другі ярус.

— За кошт павелічэння «квадратаў» падняўся і канёк даху. На другім паверсе ўжо не проста месца для матраца, як бывае ў іншых, а паўнавартасны пакой з ложкам. Можна хадзіць у поўны рост, сядзець каля акна, — кажа Вольга.

А муж дадае:

— Я ростам метр восемдзесят пяць — і толькі выцягнутай рукой магу дацягнуцца да канька.

Парэнчаў, агароджы ля другога паверха вырашылі не рабіць.

— Вельмі хацелася, каб там можна было рабіць атмасферныя фота, звесіўшы ножкі, — усміхаецца гаспадыня.

— А ў мяне за канапай ёсць такое месца, куды можна залазіць, калі гуляеш у хованкі. Можна туды падушкі пакласці… — уступае ў размову маленькая Сафі.

— … але не трэба, — працягвае фразу дачкі тата.

На першым паверсе ёсць асобны зацішны пакой.

— Яго памер — 4 на 2, гэта значыць 8 «квадратаў». Нягледзячы на ​​вялікі нахіл столі, там змясцілі паўтарачны ложак, трохстворкавую шафу, прыложкавы столік. Ёсць раскладны дзіцячы ложачак, які хаваецца, калі не патрэбны. Гэты пакой — магчымасць пабыць у адзіноце, напрыклад, маме з немаўлём. Пажылому чалавеку таксама зручна туды зайсці, не трэба падымацца па лесвіцы.

У доме прадугледжаны і тэхнічны пакой.

— Я хацеў, каб усе камунікацыі былі схаваныя: бойлеры, фільтры і іншае, — тлумачыць Аляксандр. — Але памятаю момант, калі забудоўшчык прапаноўваў мне закрыць трубы шторкамі. Так, кажу, абавязкова.

За кошт павялічанай плошчы атрымалася зрабіць санвузел 2 на 2,5 метра.

— Досыць прасторны. Часам у такіх хатках ты сядзіш на ўнітазе, а галавой упіраешся ў столь. А потым людзі расказваюць пра непрыемны досвед пражывання.

Сям'я абышлася без дызайнера. Натхняліся сэрвісам Pinterest, праектамі канадскіх, нарвежскіх, рускіх дызайнераў.

— Эрганоміка, эстэтыка і камфорт — вось тры пастулаты, на аснове якіх выбудоўвалася хата. Глядзелі на прыклады і, зыходзячы з магчымасцей беларускага рынку, стараліся напаўняць прастору. Імкнуліся зрабіць так, каб не было міксу колераў, былі максімальна прыродныя матэрыялы, якія прыемна ўспрымаць воку. Удзялялі ўвагу дэкору: не было такога, што прыйшлі ў краму, убачылі зніжку і таму ўзялі. Ішоў строгі адбор усяго. Я перфекцыяніст, і дзякуй мужу, што гэта вытрымаў, — кажа Вольга.

— Хацелі, каб было стыльна, але не вычварна. Неяк наткнуўся ў аб'явах на падобную хатку, але там інтэр'ер як у дарагой кватэры дызайнерскай. Гэта класна, вядома, але не ў такім месцы, як мне здаецца, — дадае Аляксандр.

Вернемся да выдаткаў. Усё, што ў доме, плюс работы на ўчастку (ачыстка двара і ўстаноўка плота) пацягнулі на $ 15 000. Пры гэтым агароджа пакуль — фасадная сетка.

— Паставіць грунтоўны плот даўжынёй 140 метраў — дарагое задавальненне, пачакаем. Па вясне зробім добраўпарадкаванне, будзе класная стыльная альтанка. Думаем пра лазню і купальню, але сапраўды не ў гэтым сезоне. Хочам яшчэ дрэў пасадзіць, раўнамерна. Вольга прывезла з Новасібірска кедравыя арэшкі — у мяне расада ўжо ёсць, паглядзім, што з гэтага атрымаецца.

Дом-шале як бізнэс

Сям'я планавала здаваць дом у арэнду, што і зрабіла. Запуск адбыўся на пачатку лютага 2023 года. Муж і жонка кажуць: знаёмыя дзівяцца, што ўсё так хутка атрымалася.

— Проста мы такія людзі, якія доўга не думаюць. Абмеркавалі, узважылі ўсе за і супраць, вырашылі — давай! І ўсё, пагналі! — усміхаецца Аляксандр.

Па прыблізных падліках, на гэты момант на хату-шале сышло $45 000. Нават на пару тысяч больш, бо ёсць і няўлічаныя выдаткі.

— Прыпынілі рамонт кватэры, прыкметную долю сваіх грошай накіравалі на домік, прыцягнулі крэдыт. Мы гарым гэтым праектам, ён — па любві. З будоўляй справіліся хутка, хоць працягваем паралельна працаваць і ў іншых сферах, — кажа Вольга.

Заказаў шмат, але не вал.

— Найбліжэйшы тыдзень распісаны, акрамя аднаго дня (такая сітуацыя была па стане на 3 сакавіка. — Заўв. Onlíner). Але я назіраю: пішуць у асноўным людзі, якія ўжо ўсё абдумалі, саспелі, — удакладніць нейкія дробныя моманты і забраніраваць дату, — тлумачыць Аляксандр.

Прайс такі: арэнда на суткі за дваіх — 250 рублёў, за чацвярых — 350, за шасцярых — 450 рублёў.

Калі сям'я плануе акупіць свае немаленькія ўкладанні?

— Перш чым прыступіць да праекта, я палічыла яго бюджэт і разгледзела аптымістычны і песімістычны варыянты, — кажа Вольга. — У цэлым пры напоўненасці на 1/2 у месяц гэты дом можна акупіць за пяць гадоў. Калі далучыць лазню, іншыя паслугі — будзе хутчэй. Але, вядома, вельмі шмат залежыць ад рынку і сацыяльных абставінаў, якія пралічыць складана… Мы пакуль мацаем гэты бізнэс, глядзім. Паколькі і самі любім адпачываць у такіх дамах, хочам, каб у Беларусі было больш атмасферных месцаў.

А на найбліжэйшую будучыню план у Вольгі і Аляксандра просты: прыехаць у шале ўдваіх і спакойна правесці выхадныя.

— Мы паспелі тут некалькі разоў пераначаваць, але так, каб атрымаць асалоду ад дома спаўна, удваіх, без гасцей, — такога яшчэ не было. Усё клопаты. А хочацца проста паляжаць на канапе.

Nashaniva.com