Вялікабрытанія поўная рашучасці не дапусціць удзелу беларускіх і расійскіх спартсменаў у Алімпіядзе
Урад Вялікабрытаніі заклікаў найбуйнейшых спонсараў Алімпійскіх гульняў аказаць ціск на Міжнародны алімпійскі камітэт у сувязі з яго прапановай дазволіць расійскім і беларускім спартсменам удзельнічаць у Алімпіядзе-2024 у Францыі, паведамляе The Guardian.
11.03.2023 / 17:19
Міністр культуры СМІ і спорту Вялікабрытаніі Люсі Фрэйзер таксама папрасіла брытанскіх кіраўнікоў сусветных партнёраў МАК, уключаючы Coca-Cola, Intel, Samsung і Visa, аказаць ціск на МАК:
«Мы ведаем, што спорт і палітыка ў Расіі і Беларусі цесна звязаныя, і мы поўныя рашучасці не дапусціць, каб рэжымы ў Расіі і Беларусі выкарыстоўвалі спорт у сваіх прапагандысцкіх мэтах».
Паведамляецца, што Вялікабрытанія не будзе згодная з допускам спартсменаў Расіі і Беларусі на Алімпіяду да таго моманту, пакуль не будуць развеяныя сумневы брытанцаў у тым, што мадэль «нейтралітэту» сапраўды працуе.
«Адзначаючы заяўленую пазіцыю МАК аб тым, што канчатковыя рашэнні не былі прынятыя, мы настойліва заклікалі МАК разгледзець пытанні, пастаўленыя ўсімі краінамі, і адпаведным чынам перагледзець сваю прапанову», — падкрэсліваецца ў лісце Фрэйзер.
Тактыка, узятая на ўзбраенне брытанцамі, то-бок уздзеянне на асноўных спонсараў спаборніцтваў, добра сябе зарэкамендавала ў 2021 годзе, калі ішла гаворка пра пазбаўленне права рэжыму Лукашэнкі на правядзенне ў сябе часткі чэмпіянату свету па хакеі. Тады Міжнародная федэрацыя на чале са швейцарцам Рэнэ Фазэлем да апошняга імкнулася пакінуць чэмпіянат у Беларусі, але мусіла здацца перад пагрозай асноўных спонсараў адмовіцца ад падтрымкі мерапрыемства.
Між тым Міжнародны алімпійскі камітэт працягвае надалей вывучаць варыянты, пры якіх атлеты з Расіі і Беларусі змогуць узяць удзел у Алімпіядзе ў якасці «нейтральных» спартоўцаў, адзначае The Guardian.
Учора з'явілася інфармацыя, што дазволіла ўдзельнічаць расіянам і беларусам у спаборніцтвах пад сваёй эгідай Міжнародная федэрацыя фехтавання.
Чытайце таксама:
Міжнародная федэрацыя фехтавання ўхваліла вяртанне спартсменаў з Беларусі да ўдзелу ў спаборніцтвах
МАК патлумачыў, як рэпрэсаваныя беларускія спартсмены змогуць выступіць на Алімпіядзе-2024