Саакашвілі заявіў, што знаходзіцца «на мяжы смерці» — Sky News

Былы прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі, зняволены ў Грузіі і пераведзены ў шпіталь, знаходзіцца «ў блізкім да смерці» стане. Пра гэта палітык заявіў у каментарыі Sky News.

12.03.2023 / 23:54

Выданне адзначае, што журналістаў не пусцілі ў шпіталь, але яны змаглі праз адваката перадаць пытанні Саакашвілі і атрымаць пісьмовыя адказы.

«Спачатку я важыў 120 кілаграмаў, цяпер 64, калі стане менш за 60, лекары прагназуюць поліарганную недастатковасць», — сказаў экс-прэзідэнт Грузіі. Ён дадаў, што пастаянна адчувае боль.

«Я ўвесь час ляжу ў ложку, у мяне развальваюцца косці, і гэта выклікае невыносны боль», — сказаў Саакашвілі.

У мінулым месяцы апеляцыйны суд разгледзеў заяву незалежнага эксперта пра тое, што Саакашвілі нібыта быў атручаны ў турме. Улады Грузіі адмаўляюць такую магчымасць і не дазваляюць перадаць яго на лячэнне ў Еўропу. 

Nashaniva.com